Пошук

Папа падчас сустрэчы з Дэні Муквегэ Папа падчас сустрэчы з Дэні Муквегэ 

Пантыфік прывітаў лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2018 г.

Папа правёў кароткую размову з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, кангалезскім урачом Дэні Муквегэ. Яна адбылася на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 22 мая 2019 г. у Ватыкане.

Дэні Муквегэ атрымаў Нобелеўскую прэмію міра ў 2018 г. “за намаганні па спыненні выкарыстання сексуальнага насілля ў якасці зброі падчас войнаў і канфліктаў”. Ён быў узнагароджаны разам з іракскай праваабаронцай Надзяй Мурад, былой нявольніцай баевікоў-ісламістаў.

64-гадовы хірург-гінеколаг, пратэстанцкі пастар і бацька пяці дзяцей, Дэні Муквегэ прысвяціў сваё жыццё абароне ахвяр сексуальнага насілля падчас вайны. У 1998 г. ён заснаваў шпіталь, у якім атрымалі медыцынскую дапамогу тысячы ахвяр згвалтаванняў у ходзе грамадзянскага канфлікта ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Муквегэ лічыцца адным з лепшых у свеце спецыялістаў у сферы лячэння гінекалагічных траўм.

У каментары для Vatican News ён прызнаўся, што ўражанны намаганнямі Папы на карысць бедных. “Францішак мужна нагадвае пра неабходнасць павагі да годнасці кожнага чалавека. У маёй краіне гэта вельмі важна, бо чалавечае жыццё згубіла там усякую вартасць”, - зазначыў урач.

Дэні Муквегэ падкрэсліў, што Святы Айцец добра знаёмы з праблемамі ў яго краіне, дзе за дваццаць гадоў грамадзянскага канфлікту загінулі ўжо каля 5 млн. чалавек, “пра якіх свет не жадае ведаць”.

“У нас чатыры мільёны ўнутраных бежанцаў, якія былі пакінуты на волю лёсу, без неабходных лекаў і прадуктаў харчавання. Папа клапоціцца пра тых, хто ў нястачы. Я перакананы, што ён з’яўляецца Божым чалавекам і сустрэча з ім умацавала мяне ў маім служэнні. Важнай таксама з’яўляецца праца Апостальскай Сталіцы ў сферы абароны каштоўнасці і годнасці кожнага чалавека”, - дадаў Дэні Муквегэ.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

23 мая 2019, 10:28