Пошук

1559115921253.jpg

Папа: Святы Дух робіць чалавечае слова моцным, як дынаміт

Калі Святы Дух пранікае ў чалавечае слова, яно пачынае ламаць схемы і муры падзелаў, адкрываючы новыя шляхі і пашыраючы межы Божага народу, - звярнуў увагу Папа 29 мая 2019 г. на агульнай аўдыенцыі.

Францішак распачаў новы цыкл катэхез, прысвечаных Дзеям Апосталаў. Ён нагадаў, што гэта біблійная кніга, напісаная св. Лукой, распавядае пра падарожжа Евангелля па свеце і дэманструе сувязь паміж Божым словам і Святым Духам, што дало пачатак эпосе евангелізацыі.

Пантыфік звярнуў увагу, што Божае слова заўсёды застаецца дынамічным: яно “бяжыць” і акрапляе кожную глебу, на якую трапляе. “У чым жа яго сіла? Св. Лука кажа нам, што людское слова становіцца плённым не дзякуючы рыторыцы, мастацтву красамоўства, але дзякуючы Святому Духу, Які з’яўляецца dýnamis Бога, дынамікай Бога, Яго моцай, здольнай ачышчаць слова, рабіць яго носьбітам жыцця”, - заўважыў Папа.

“[Калі Святы Дух наведвае чалавечае слова, яно становіцца дынамічным, як “дынаміт”, здольным запальваць сэрцы, ламаць схемы, супраціў і муры падзелу, адкрываючы новыя шляхі і пашыраючы межы Божага народу]”

, - заўважыў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што менавіта Святы Дух дае “жывое гучанне і праніклівасць нашаму крохкаму чалавечаму слову”, здольнаму да падману і безадказнасці. Гэта той самы Дух, праз Якога прыйшоў на зямлю Сын Божы. Гэта Ён намасціў і падтрымаў Езуса падчас Яго місіі, дапамог у абранні апосталаў і гарантаваў плённасць іх прапаведаванню. Усё гэта Ён працягвае рабіць і сёння.

Францішак нагадаў, што Евангелле завяршаецца ўваскрасеннем і ўнебаўшэсцем Езуса. Адсюль пачынаецца сюжэт Дзеяў Апосталаў – ад багацця жыцця Уваскрослага ў Яго Касцёле. Езус “з’явіўся жывым пасля сваёй мукі” і заклікаў “жыць з верай у чаканні спаўнення абяцання Айца”: “Будзеце ахрышчаныя праз некалькі дзён Духам Святым” (Дз 1,5), - працытаваў Папа.

“Хрост Святым Духам, насамрэч, гэта досвед, які дазваляе нам увайсці ў асабістую еднасць з Богам і ўзяць удзел у Яго паўсюднай збаўчай волі, набываючы дар парэзіі, адвагі – здольнасці прамаўляць слова як “Божыя дзеці”. Не проста як людзі, але як Божыя дзеці: слова яснае, свабоднае, плённае, напоўненае любоўю да Хрыста і братоў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што “не трэба весці барацьбы, каб здабыць ці заслужыць Божы дар”. Важна “заключыць саюз з часам, мець здольнасць чакаць разгортвання святой гісторыі, якая не перарвалася, але працягвацца, быць здольнымі чакаць “крокаў” Бога, Пана часу і прасторы”.

“[Уваскрослы заклікае сваіх не “ствараць” місіі самастойна, але чакаць пакуль Айцец напоўніць сілай іх сэрцы праз свайго Духа, каб маглі ўключыцца ў місійнае сведчанне...]”

, - падкрэсліў Папа.

“Гэта чаканне апосталы перажываюць разам, перажываюць як сям’я, як сям’я Пана, у верхнім пакоі Вячэрніка, сцены якога яшчэ былі сведкамі дару, праз які Езус даў сябе сваім у Эўхарыстыі. А як яны чакаюць моцы, dýnamis Бога? – Молячыся з настойлівасцю, не як асобныя людзі, але як адно цэлае. Молячыся ў адзінстве і настойліва. Насамрэч, менавіта з дапамогай малітвы чалавек перамагае адзіноту, спакусы, падазронасць і адкрывае сэрца на еднасць. Прысутнасць жанчын і Марыі, Маці Езуса, умацоўвае гэты досвед: яны першымі навучыліся ад Настаўніка сведчыць аб вернасці любові і сіле еднасці, якая перамагае любы страх”, - заўважыў Папа.

Завяршаючы катэхезу, Францішак заклікаў прасіць Пана аб цярплівасці і паслухмянасці ў чаканні Яго крокаў, што дапаможа нам перамагчы спакусу “ствараць” Яго справу самастойна. Таксама Папа запрасіў вернікаў пастаянна ўдасканальвацца ў “мастацтве касцёльнай еднасці”.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 мая 2019, 11:50