Папа зацвердзіў новыя нормы барацьбы са злоўжываннямі ў Касцёле
9 мая 2019 г. Святы Пасад афіцыйна прадставіў новы ўніверсальны збор нормаў, распрацаваны па выніках нарады па абароне непаўналетніх, якая прайшла ў Ватыкане ў лютым 2019 г. Ён распаўсюджваецца на ўвесь Каталіцкі Касцёл. Дакумент зацвярджае працэсуальныя нормы барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі і павінен служыць гарантам таго, што біскупы і вышэйшыя настаяцелі манаскіх кангрэгацый разумеюць сваю адказнасць і сутнасць сваіх учынкаў.
Vos estis lux mundi, Вы – святло свету... Наш Пан Езус Хрыстус заклікае кожнага верніка быць яскравым прыкладам цноты, чысціні і святасці” – такімі словамі распачынаецца дакумент. Евангелле паводле святога Мацвея паслужыла крыніцай натхнення для назвы і першых радкоў новага motu proprio Францішка. Апостальскае пасланне прысвечана барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі, здзейсненымі святарамі і манаскімі асобамі, а таксама з учынкамі або занядбаннямі біскупаў і вышэйшых настаяцеляў, “накіраванымі на чыненне перашкоды або ўнікненне” следства па справах злоўжыванняў. Папа падкрэслівае, што “сексуальныя злоўжыванні зневажаюць Нашага Пана, наносяць фізічную, псіхалагічную і духоўную шкоду ахвярам і абражаюць супольнасць вернікаў”, і нагадвае пра асабліваю адказнасць, якую нясуць паслядоўнікі Апосталаў за прадухіленне такіх злачынстваў.
У кожнай дыяцэзіі – адзінае “акенца” для паведамлення пра выпадкі злоўжыванняў
Сярод прадугледжаных новаўвядзенняў – абавязак кожнай дыяцэзіі свету распрацаваць да чэрвеня 2020 г. “адну або некалькі пастаянных і лёгкадаступных для грамадскасці сістэм сігналізавання” аб выпадках сексуальных злоўжыванняў, здзейсненых святарамі або манаскімі асобамі, аб карыстанні матэрыяламі педафілійна-парнаграфічнага характару і аб замоўчванні саміх выпадкаў злоўжыванняў. У той жа час, дакумент не ўдакладняе, што павінны ўяўляць сабой гэтыя “сістэмы”, каб пакінуць за дыяцэзіямі магчымасць найбольш эфектыўнага выбару, у залежнасці ад мясцовых культур і ўмоў. Галоўнае, каб асобы, якія пацярпелі ад сексуальнага злоўжывання, маглі звярнуцца ў мясцовы Касцёл, упэўненыя ў тым, што будуць добра прынятыя і абароненыя ад абарачэння прадстаўленых звестак супраць іх жа саміх і што іх данясенне будзе ўспрынята з максімальнай сур’ёзнасцю.
Абавязак сігналізаваць
Наступнае новаўвядзенне датычыць абавязку ўсіх святароў і манаскіх асоб “своечасова сігналізаваць” каталіцкім уладам пра ўсе выпадкі злоўжыванняў, аб якіх ім становіцца вядома, а таксама пра магчымыя занядбанні і замоўчванні ў справах, што датычаць такіх злачынстваў. Калі да гэтага часу адпаведны абавязак па сутнасці суадносіўся толькі з асабістай свядомасцю кожнага чалавека, цяпер ён набыў характар універсальнага юрыдычнага прадпісання. Папскі дакумент ускладае гэты абавязак на святароў і манаскіх асоб, аднак у той жа час заахвочвае і ўсіх свецкіх вернікаў пры неабходнасці карыстацца сістэмай сігналізавання кампетэнтным каталіцкім уладам пра выпадкі сексуальных злоўжыванняў і дамаганняў.
Не толькі злоўжыванні ў дачыненні да непаўналетніх асоб
Дакумент ахоплівае не толькі выпадкі сексуальнага насілля і дамаганняў у адносінах да непаўналетніх асоб і ўразлівых дарослых, але і адпаведныя выпадкі, выкліканыя злоўжываннем уладай. Гаворка ідзе пра любыя выпадкі насілля над манаскімі асобамі з боку святароў, а таксама дамаганняў у дачыненні да семінарыстаў або навіцыяў.
Замоўчванне
Сярод найбольш важных адметнасцяў дакумента – устанаўленне ў якасці асобнай катэгорыі выпадкаў так званае замоўчванне, што заключаецца ва “учынках або занядбаннях, накіраваных на чыненне перашкоды ці пазбяганне грамадзянскага або кананічнага, адміністратыўнага або крымінальнага следства ў дачыненні да святара або да манаскай асобы ў сувязі са злачынствам” сексуальнага злоўжывання. Гаворка ідзе пра тых, хто, надзелены пазіцыяй асаблівай адказнасці ў Каталіцкім Касцёле, замест таго каб выкрываць учыненыя іншымі акты сексуальнага насілля, хаваюць іх, пакрываючы магчымыя злачынствы, замест таго каб абараняць іх ахвяр.
Абарона ўразлівых асоб
Апостальскае пасланне “Vos estis lux mundi” робіць акцэнт на важнасці абароны непаўналетніх (асоб, якія яшчэ не дасягнулі 18-гадовага ўзросту) і ўразлівых асоб. Дарэчы, значэнне паняцця “уразлівая асоба” ў дакуменце больш шырокае і ахоплівае не толькі людзей, няздольных да “звыклага карыстання” розумам, але і асобныя, часовыя выпадкі няздольнасці разумець і аб’ектыўна ацэньваць, а таксама фізічную недзеяздольнасць. У гэтай матэрыі новы дакумент перагукаецца з нядаўна прынятым ватыканскім Законам (№ CCXCVII ад 26 сакавіка 2019 г.).
Выкананне дзяржаўных законаў
Абавязак сігналізаваць пра выпадкі сексуальнага злоўжывання ардынарыю мясцовасці або вышэйшаму настаяцелю манаскага ордэна не супярэчыць і не відазмяняе ніякі іншы абавязак данясення, існуючы ў законах адпаведных краін: нормы “прымяняюцца без урону для правоў і абавязкаў, устаноўленых у той ці іншай мясцовасці дзяржаўнымі законамі, асабліва тых, што датычаць абавязкаў сігналізаваць кампетэнтным грамадзянскім уладам”.
Абарона тых, хто сігналізуе, і саміх ахвяр сексуальных злачынстваў
Сутнаснымі з’яўляюцца таксама артыкулы, прысвечаныя абароне тых, хто сігналізуе аб выпадках злоўжыванняў. Асобы, якія паведамляюць пра выпадкі злоўжыванняў, згодна са зместам motu proprio, не могуць быць падвергнутыя “прадузятасці, абарачэнню прадстаўленых звестак супраць іх саміх або дыскрымінацыі” па прычыне здзейсненага данясення. Увага звяртаецца таксама на праблему ахвяр злоўжыванняў, якія ў мінулым былі змушаныя захоўваць маўчанне: новыя ўніверсальныя нормы прадугледжваюць недапушчэнне іх прымушэння да маўчання адносна зместу данясення. Натуральна, тайна споведзі застаецца безагаворачнай і непарушнай, а таму, адпаведна, ніякім чынам не ахопліваецца зместам новых нарматываў. Акрамя таго, “Vos estis lux mundi” устанаўлівае, што да ахвяр і іх сем’яў трэба ставіцца годна і паважліва; яны павінны атрымліваць належную духоўную, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.
Следства ў дачыненні да біскупаў
Дакумент рэгулюе следства ў дачыненні да біскупаў, кардыналаў, вышэйшых настаяцеляў і тых, хто на той ці іншай падставе, нават калі і часова, кіруе дыяцэзіяй або іншым партыкулярным Касцёлам. Адпаведны нарматыў павінен выконвацца не толькі ў выпадках, калі вышэй пералічаныя асобы падпадаюць пад следства ў сувязі з абвінавачваннем у непасрэдным здзяйсненні акту сексуальнага злоўжывання, але і тады, калі яны абвінавачваюцца ў замоўчванні або нежаданні выкрываць выпадкі злоўжыванняў, аб якіх даведаліся і якім павінны былі супрацьстаяць.
Роля Мітрапаліта
Сутнасным з’яўляецца новаўвядзенне, якое датычыць залучэнне да папярэдняга следства Мітрапаліта, які атрымлівае з боку Святога Пасаду мандат на правядзенне следства ў выпадку, калі асоба, на якую было здзейснена данясенне, з’яўляецца біскупам. Роля Мітрапаліта, традыцыйная ў Каталіцкім Касцёле, узмацняецца і сведчыць пра жаданне выкарыстоўваць у тым ліку і мясцовыя рэсурсы ў пытаннях, якія датычаць следства адносна біскупаў. Упаўнаважаны весці следства праз трыццаць дзён пасля яго распачацця перадае Святому Пасаду “афіцыйнае паведамленне адносна стану следства”, якое “павінна быць завершана на працягу дзевяноста дзён” (па “важкіх прычынах” магчымая адтэрміноўка). Такім чынам, устанаўліваецца дакладны тэрмін для правядзення следства і ўпершыню ад задзейнічаных ватыканскіх дыкастэрый патрабуецца своечасовае рэагаванне.
Залучэнне свецкіх вернікаў
Спасылаючыся на Кодэкс кананічнага права, які падкрэслівае каштоўны патэнцыял свецкіх вернікаў, нормы motu proprio прадугледжваюць, што Мітрапаліт, ажыццяўляючы следства, можа карыстацца дапамогай “кваліфікаваных асоб”, калі таго патрабуе канкрэтны выпадак, “улічваючы супрацоўніцтва, якое могуць прапанаваць свецкія вернікі”. Папа неаднаразова сцвердзіў, што спецыялізацыі і прафесійныя здольнасці свецкіх вернікаў уяўляюць сабой важны рэсурс для Каталіцкага Касцёла. Прынятыя нормы прадугледжваюць, што біскупскія канферэнцыі і дыяцэзіі змогуць падрыхтаваць спісы кваліфікаваных асоб, гатовых да супрацоўніцтва, аднак канчатковую адказнасць за следства нясе Мітрапаліт.
Прэзумпцыя невінаватасці
Новы дакумент пацвярджае прынцып прэзумпцыі невінаватасці асобы пад следствам, якая будзе апавешчана аб правядзенні следства, як толькі кампетэнтная дыкастэрыя агучыць адпаведнае патрабаванне. Абвінавачванне павінна быць у абавязковым парадку аб’яўлена толькі ва ўмовах афіцыйнага распачацця следчага працэсу і, калі будзе палічана дарэчным для забеспячэння цэласнасці следства або доказаў, можа быць прапушчана на папярэднім этапе.
Завяршэнне следства
Дакумент не ўносіць змен у меры пакарання, прадугледжаныя за злачынствы, але зацвярджае працэдуру сігналізавання і ажыццяўлення папярэдняга следства. Пасля завяршэння следства Мітрапаліт (або ў пэўных выпадках біскуп суфраганнай дыяцэзіі, які мае найбольшы тэрмін біскупскай паслугі) прадстаўляе вынікі кампетэнтнай ватыканскай дыкастэрыі і тым самым завяршае сваё заданне. Кампетэнтная дыкастэрыя працягвае працэс “згодна з правам, як прадугледжана для канкрэтнага выпадку”, на аснове ўжо існуючых кананічных норм. Кіруючыся вынікамі папярэдняга следства, Святы Пасад можа неадкладна прымяніць да асобы пад следствам прэвентыўныя і абмежавальныя меры.
Канкрэтнае абавязацельства
Новым юрыдычным інструментам, які ініцыяваў папа Францішак, Каталіцкі Касцёл робіць яшчэ адзін рашучы крок у напрамку папярэджвання і супрацьстаяння сексуальным злоўжыванням, робячы акцэнт на канкрэтныя дзеянні. Як піша Пантыфік напачатку дакумента, “каб падобны феномен, ва ўсіх яго формах, больш не меў месца, неабходна бесперапыннае і глыбокае навяртанне сэрцаў, пацверджанае канкрэтнымі і эфектыўнымі справамі, якія б залучалі ўсіх у Каталіцкім Касцёле”.