Пошук

Францішак і Жан Ванье падчас сустрэчы ў Ватыкане ў сакавіку 2014 г. Францішак і Жан Ванье падчас сустрэчы ў Ватыкане ў сакавіку 2014 г.  

Святы Айцец пра евангельскую інтуіцыю Жана Ванье

Папа адзначыў вялікую ролю Жана Ванье ў сведчанні Хрыстовай любові сучаснаму свету. Ён напісаў кароткае пасланне на пахавальныя ўрачыстасці, якія прайшлі 16 мая 2019 г. у Парыжы.

“Імкнучыся жыць у еднасці з Хрыстом, праз якога Бог узяў на сябе ўсе нашы слабасці, Жан Ванье знайшоў магчымасць, каб найбольш неабароненыя і адпрэчаныя асобы адчулі сябе прынятымі і прызнанымі, як браты і сёстры, з павагай да рэлігійных і сацыяльных адрозненняў”, - напісаў Францішак з нагоды пахавання каталіцкага дзеяча, які памёр 7 мая 2019 г.

“Я прашу Пана, бараніць вялікую і прыгожую сям’ю Каўчэга”, - напісаў Пантыфік. Ён пажадаў паслядоўнікам Ванье працягваць жыць у вернасці “евангельскай інтуіцыі Жана”. Менавіта гэта, на думку Святога Айца, дапаможа супольнасцям, заснаваным памерлым, “працягваць заставацца месцам святкавання і прабачэння, спачування і радасці, дэманструючы, што ўсе, незалежна ад іх інваліднасці, адораны любоўю Бога і закліканы да ўдзелу ў свеце братэрства, справядлівасці і міру”.

Канадзец Жан Ванье – заснавальнік супольнасці “Каўчэг” і руху “Вера і Святло”, – нарадзіўся ў 1928 г. у глыбока веруючай каталіцкай сям’і. Яго бацька быў генерал-губернатарам Канады. У трынаццаць гадоў паступіў у марское афіцэрскае вучылішча ў Англіі і стаў марскім афіцэрам. Аднак у 1950 г. пакінуў ваенна-марскі флот, каб вывучаць філасофію і тэалогію ў Парыжы. Тут Жын сустрэў дамініканіна Тама Філіпа, які пазнаёміў яго з светам людзей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, паказаў іх асаблівыя адносіны з Богам, іх шлях да святасці, іх магчымасці сведчыць Евангелле.

У 1964 г. Жан Ванье набыў невялікі дом у вёсцы Тролі-Брэй пад Парыжам і пасяліўся ў ім з двума людзьмі з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Так быў пакладзены пачатак асабліваму руху для людзей з хваробамі такога тыпу пад назвай “Каўчэг”, а пазней і супольнасцям “Вера і Святло” – для іх сем’яў і сяброў. Сёння яны існуюць у многіх краінах свету.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 мая 2019, 10:39