Святы Айцец распачаў візіт у Балгарыю
Святога Айца сустракала прадстаўнічая дэлегацыя на чале з Прэм’ер-міністрам Балгарыі Бойка Барысавым. Дзеці ў традыцыйных нацыянальных строях уручылі высокаму госцю кветкі. Папа і старшыня балгарскага ўраду прайшлі ўздоўж ганаровай варты ў тэрмінал аэрапорту, дзе правялі кароткую прыватную сустрэчу. Затым Пантыфік накіраваўся аўтамабілем у Прэзідэнцкі палац, дзе адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання.
Пасля візіту ветлівасці да Прэзідэнта Балгарыі Румена Радзева, Францішак звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў балканскай краіне.
Візіт Папы ў Балгарыю будзе праходзіць з 5 па 6 мая 2019 г. пад дэвізам “Pacem in terris” – “Мір на зямлі”. Гэта будзе 29-е Апостальскае падарожжа Святога Айца. 7 мая ён наведае з аднадзённым візітам Паўночную Македонію.