Пошук

1560012530998.jpg

Францішак на вігіліі Пяцідзясятніцы: Святы Дух – гэта гармонія

“Спусціцца” да братоў, якія жывуць у Рыме, пачуць іх патрэбу ў збаўленні, - закліаў Францішак 8 чэрвеня 2019 г. у гаміліі падчас св. Імшы Вігіліі Спаслання Духа Святога.

Разам з Папам Эўхарыстыю канцэлебравалі шматлікія кардыналы, біскупы і святары. На плошчы св. Пятра сабралася каля 20 тыс. вернікаў, большасць з якіх прадстаўлялі касцёльныя харызматычныя рухі.

Святы Айцец выказаў жаданне, каб жыхары Рыма паглядзелі на Касцёл і сябе “праз прызму большай міласэрнасці, чалавечнасці і пяшчоты, у чым існуе вялікая патрэба. Каб адчулі сябе ў гэтым горадзе, як дома”. Тут дапаможа Святы Дух, Які “выплывае з улоння міласэрнасці Езуса ўваскрослага”.

Спасылаючыся на ідэю мацярынства Касцёла, Пантыфік нагадаў, што 75 гадоў таму, 11 чэрвеня 1944 г., Пій XII прасіў Багародзіцу абараніць Рым. Ён зрабіў гэта ў касцёле св. Ігнацыя, перад абразом Маці Божай Любові. Гэтай любоўю з’яўляецца Святы Дух – “духоўная скала”, якая суправаджае Божы народ у пустыні, нагадаў Францішак біблійны вобраз.

Папа спаслаўся на літургічнае чытанне з Старога Запавету і перасцярог ад будавання свету, у якім няма месца для Бога, як гэта рабілі стваральнікі Вавілонскай вежы. Бог цярпліва дазваляе рабіць гэта на працягу некаторага часу, але потым спасылае Святога Духа, каб мы пераканаліся, што нашы планы – гэта ілюзорная канструкцыя, і што толькі Ён будуе па-сапраўднаму.

Пяцідзясятніца – гэта свята першынства Духа, якое прымушае нас маўчаць перад абліччам непрадказальнасці Божага плана, а потым сцвярджаць з радасцю: “Гэта тое, што Бог меў для нас у сваім улонні!”. “Розныя чалавечыя мовы аб’ядноўваюцца ў гармонію Духа, таму што Ён – гэта гармонія”, - сказаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 чэрвеня 2019, 10:29