Францішак у Камерына: Дух Святы – рэканструктар надзеі
16 чэрвеня 2019 г. Пантыфік накіраваўся ў італьянскі рэгіён Марке. Сваім візітам Папа пажадаў выказаць духоўную лучнасць і малітоўную падтрымку ўсім жыхарам Цэнтральнай Італіі, якія сталі ахвярамі разбуральнага прыроднага катаклізму.
У першай палове дня на цэнтральнай плошчы Камерына Святы Айцец узначаліў Эўхарыстычную літургію з удзелам некалькіх тысяч вернікаў. У сваёй гаміліі ён запэўніў жыхароў горада, што Бог заўсёды памятае пра іх і адорвае трывалай надзеяй.
Зыходным пунктам для разважанняў Папы сталі словы псальма: “Чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш?” (Пс 8, 5). Памяць – менавіта ў ёй Пантыфік запрасіў шукаць адказ, бо гэта “ключавое слова жыцця”.
Бог няспынна памятае пра чалавека, запэўніў Святы Айцец. Памяць пра тое, што для Бога мы “любімыя, непаўторныя і незаменныя”, дае моц, “каб не здавацца перад абліччам жыццёвых нягод”.
Пантыфік перасцярог ад спакусы засяроджвацца на дрэнных думках і сумных успамінах – “яны пакідаюць толькі меланхолію і настальгію”. Каб вызваліцца з іх палону, патрэбны хтосьці, хто дапаможа несці душэўны цяжар. Пра гэта, заўважыў Папа, яскрава сведчыць евангельскі ўрывак з літургіі дня (Ян 16, 12-15). “Цяпер вам гэтага не знесці” (Ян 16, 12), - кажа Езус сваім вучням, маючы на ўвазе свае муку і смерць. Аднак не пазбаўляе апосталаў гэтага цяжару, як бы хацелася нам, якія прызвычаіліся да хуткіх і павярхоўных рашэнняў, але дае Духа Святога, Суцяшыцеля, – Таго, хто не пакідае нас адных пад цяжарам жыцця, - заўважыў Францішак.
, - сказаў Папа.
Калі запрашаем Духа Святога ў свае раны, Ён намашчвае дрэнныя ўспаміны бальзамам надзеі, таму што “Дух Святы – гэта рэканструктар надзеі”.
І гаворка не ідзе пра зямную надзею, якая мінае, бо “заўсёды мае тэрмін годнасці”. Гаворка пра надзею Духа Святога – “яна не згасае, таму што палягае на вернасці Бога”; “гэта надзея, што мае моцныя карані, якія не можа вырваць ніякая жыццёвая навальніца”, адзначыў Папа і заахвоціў вернікаў запрашаць Духа Святога ў сваё жыццё і прасіць аб Яго блізкасці.
Пры гэтым “дзівосная таямніца Божай блізкасці”, на думку Папы, увасоблена ў Найсвяцейшай Тройцы. “Тройца кажа нам, што не маем Бога адзіноты там, у небе, далёкага і абыякавага; не, Ён – Айцец, які даў нам свайго Сына, што стаўся чалавекам, як мы, і, каб быць да нас яшчэ бліжэй, каб дапамагаць нам несці цяжар жыцця, спасылае свайго Духа”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец прызнаўся, што прыехаў у Камерына, каб быць побач з мясцовымі жыхарамі, каб разам прасіць у Бога аб ласцы памяці пра людзей у патрэбе, ласцы надзеі на тое, што нішто нетрывалае на зямлі не зможа пахіснуць унутранай упэўненасці чалавека, і ласцы блізкасці з людзьмі навокал, якая будзе праяўляцца ў канкрэтных жэстах спагадлівасці.
“Чым ёсць чалавек? Ён – Твая вялікая мара, Пане, пра якую Ты заўсёды памятаеш. Учыні, каб таксама і мы памяталі пра тое, што прабываем у свеце, каб даваць надзею і блізкасць, бо мы – дзеці Твае, Бога ўсякага суцяшэння”, - такой малітвай завяршыў гамілію Францішак.