Пошук

1560414186584.JPG

Францішак падзяліўся сваім бачаннем місіі Апостальскага нунцыя

13 чэрвеня 2019 г. Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Апостальскіх нунцыяў, якія працуюць у розных краінах свету. Сустрэча прайшла за зачыненымі дзвярыма.

У тэксце прамовы, якая была ўручана дыпламатычным прадстаўнікам, Папа нагадаў, што нунцый павінен быць “чалавекам Божым”, які не падманвае бліжняга, не распаўсюджвае плётак, “захоўвае вочы і вушы чыстымі ад бруду свету”. “Ён не дазваляе падмануць сябе мірскімі каштоўнасцямі, але глядзіць на Божае слова, каб разумець, што ёсць мудрым і добрым”, - дадаў Пантыфік.

Нунцый павінен спрыяць развіццю сваіх супрацоўнікаў, быць сціплым, не шукаць раскошнага жыцця. Гонар чалавека Касцёла – быць “слугой усіх”, - заўважыў Папа. “Быць чалавекам Касцёла, значыць адважна бараніць Касцёл ад сіл зла, якія заўсёды намагаюцца дыскрэдытаваць, ачарніць ці абгаварыць яго”, - сцвердзіў Францішак.

“[Быць чалавекам Касцёла, значыць быць сябрам біскупаў, святароў, манаскіх асоб і вернікаў, з даверам і чалавечым цяплом выконваючы сваю місію поруч з імі і заўсёды маючы касцёльны позірк: позірк чалавека, які адчувае сябе адказным за збаўленне ўсіх]”

, - дадаў ён.

Паводле Францішка, папскі дыпламат павінен адрознівацца ад іншых дыпламатаў тым, што падчас такіх святаў як Вялікдзень і Божае Нараджэнне застаецца на месцы свайго служэння, каб святкаваць іх разам з Божым народам той краіны, у якой знаходзіцца. Калі нунцый будзе закрывацца ў нунцыятуры і пазбягаць сустрэчы з людзьмі, здрадзіць сваёй місіі, перакананы Пантыфік.

Папа нагадаў, што нунцый прадстаўляе не сябе, а Наступніка св. Пятра. “Таксама ён мае пастаянны абавязак уводзіць у курс справы і інфармаваць Папу пра розныя сітуацыі, касцёльныя і грамадскія перамены ў краіне, у якую скіраваны”, - сказаў Святы Айцец.

“[Таму неад’емным з’яўляецца добрае знаёмства з яе звычаямі і, па магчымасці, мовай, трымаючы дзверы нунцыятуры і свайго сэрца адчыненымі для ўсіх]”

, - дадаў ён.

Місія папскага прадстаўніка несумяшчальная з крытыкай Пантыфіка за плячыма або з далучэннем да груп, варожых яму, Курыі і Рымскаму Касцёлу, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу нунцыяў на важнасць паслухмянасці і малітвы, без чаго можна ператварыцца ў “звычайных чыноўнікаў, заўсёды незадаволеных і нецярплівых”. Ён заклікаў сваіх дыпламатаў не прымаць дарагіх і часта бескарысных падарункаў або накіроўваць іх на дабрачынныя мэты. “Памятайце, што атрыманне дарагіх падарункаў ніколі не апраўдвае карыстання імі”, - звярнуў увагу ён.

Францішак праводзіць такога роду сустрэчу для Апостальскіх нунцыяў ужо ў трэці раз – папярэднія праходзілі ў 2013 г. і 2016 г. Апрача аўдыенцыі ў Пантыфіка, дыпламаты ўдзельнічаюць у кансультацыях з кіраўніцтвам, сустракаюцца ў рабочых групах, моляцца разам. Сёлета ў Ватыкан прыбыло больш за сто папскіх пасланнікаў. Сярод іх – Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 чэрвеня 2019, 14:20