Пантыфік абмеркаваў з біскупамі праблемы Еўрасаюза
6 чэрвеня 2019 г. Святы Айцец прыняў іерархаў на аўдыенцыі, падчас якой выказаў заклапочанасць будучыняй кантыненту. Папа “па-сапраўднаму любіць Еўропу”, заўважыў у каментары для Vatican News старшыня Камісіі, арцыбіскуп Люксембурга Жан-Клод Холерыш.
Францішак хвалюецца аб міры ў Еўропе, гледзячы на яе гісторыю, асабліва на 1930-я гг., бо, “магчыма, можна правесці пэўныя паралелі”, лічыць іерарх. Сёння многія палітыкі далёкія ад турбот і штодзённых праблем людзей, але “неабходна, каб палітыка была засяроджана на чалавеку, а не выкарыстоўвала страх”, - дадаў іерарх.
Паводле арцыбіскупа Холерыша, Касцёл часам мае “тыя ж праблемы, што і палітыкі”: таксама бывае занадта далёкім ад людзей і іх праблем. Каб несці слова Евангелля ў Еўропе, “трэба станавіцца нашмат больш пакорнымі і нашмат больш блізкімі” да людзей, - заўважыў ён.
Старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці звярнуў увагу на рух у кірунку духоўнага абнаўлення Еўропы, які ён звязвае з тым, што Папа кажа пра беднасць і клопат аб бедных. Гэта спосаб для “адраджэння Касцёла” ў краінах Еўрасаюза, лічыць люксембургскі іерарх.
Падчас сустрэчы з Пантыфікам абмяркоўвалася таксама праблема міграцыі. Арцыбіскуп Холерыш заўважыў, што на грэчаскім востраве Лесбас зараз знаходзіцца некалькі тысяч бежанцаў, якія прабываюць у стане крайняй беднасці і адчаю. На яго думку, для вялікай Еўропы не складана прыняць такую адносна невялікую колькасць людзей.
У ходзе аўдыенцыі Францішак звярнуў увагу на блізкую сувязь паміж абаронай бедных і абаронай прыроды. Ён заўважыў, што “не магчыма клапаціцца пра навакольнае асяроддзе не турбуючыся пра раўнавагу і дабрабыт усяго грамадства”.