Пошук

1561313314938.jpg

Пантыфік у Божае Цела: Эўхарыстыя – школа благаслаўлення

“Пан выходзіць на нашы вуліцы, каб добра казаць пра нас і даць нам мужнасць. Ён хоча, каб мы самі былі благаслаўленнем і дарам”, - сказаў Папа ў гаміліі ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

23 чэрвеня 2019 г. ён узначаліў Эўхарыстыю, а затым працэсію Божага Цела ў парафіі Санта-Марыя-Кансалатрычэ ў рымскім мікрараёне Касаль-Бэртонэ.

Францішак падкрэсліў, што Божае слова, прызначанае на ўрачыстасць, дапамагае выявіць значэнне двух дзеясловаў: гаварыць і даваць. Ён адзначыў, што іх сутнасць перадае слова “благаслаўленне” – добрае слова, якое нараджае дабро. “Эўхарыстыя – школа благаслаўлення. Бог кажа добра пра нас, сваіх любімых дзяцей, і запрашае нас рабіць такім жа чынам. І мы благаслаўляем Бога падчас нашых сходаў, знаходзім смак праслаўлення, які вызваляе і вылечвае сэрца. Мы прыходзім на св. Імшу застаючыся ўпэўненымі, што Пан благаслаўляе нас, і выходзім, каб благаслаўляць і быць каналамі дабра ў свеце”, - сказаў Папа.

Ён запрасіў святароў і ўвесь народ Божы благаслаўляць, а не паклёпнічаць ці гневацца. “Давайце не дадзім заразіць сябе пыхлівасці, няхай нас не пераможа горыч, нас, якія кормяцца Хлебам, што мае ў сабе ўсю асалоду”, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што з Эўхарыстыяй звязана стаўленне дарэння сябе іншым, якое ўключана “ў Божае мысленне”. Ён лічыць, што гэта проціяддзе ад абыякавасці да патрэб іншых. “Таксама і сёння мы будзем сілкавацца Яго Целам, якое аддало сябе. Калі мы прымаем Яго сэрцам, гэты Хлеб вызваляе ў нас сілу любові: мы будзем адчуваць сябе благаслаўлёнымі і любімымі, і самі захочам благаслаўляць і любіць, пачынаючы адсюль, з нашага горада, з вуліц, якімі мы пройдзем сёння. Пан выходзіць на нашы вуліцы, каб добра казаць пра нас і даць нам мужнасць. Ён таксама хоча, каб мы самі былі благаслаўленнем і дарам”, - сказаў Францішак у канцы сваёй гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 чэрвеня 2019, 12:10