Пошук

Папа Францішак з манстранцыяй Папа Францішак з манстранцыяй 

Пантыфік: абнавіць веру ў рэальную прысутнасць Пана ў Эўхарыстыі

Ажывіць веру ў рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі, - заклікаў Святы Айцец вернікаў, вітаючы іх 19 чэрвеня 2019 г. на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

“Дарагія браты і сёстры, урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую мы будзем адзначаць, – гэта асаблівая магчымасць абнавіць нашу веру ў сапраўдную прысутнасць Пана ў Эўхарыстыі. Няхай цэлебрацыя св. Імшы, эўхарыстычная адарацыя і працэсіі па вуліцах гарадоў і вёсак стануць сведчаннем нашай хвалы і прыхільнасці Хрысту, Які дае нам сваё Цела і Кроў, сілкуючы нас сваёй любоўю і робячы нас удзельнікамі свайго жыцця ў славе Айца. Няхай Яго благаслаўленне заўсёды суправаджае вас!”, - сказаў Францішак.

Ён нагадаў таксама, што 21 чэрвеня Касцёл будзе адзначаць успамін св. Алаізія Ганзагі, які даў “выдатны прыклад трываласці і евангельскай чысціні”. Пантыфік прапанаваў вернікам, прасіць святога, “дапамагчы наладзіць цеснае сяброўства з Езусам, што дазволіць з спакоем успрымаць жыццё”.

Алаізій нарадзіўся ў 1568 г. на поўначы Італіі. Нягледзячы на сваё высокае паходжанне, ва ўзросце 17 гадоў адмовіўся ад спадчыны і ўступіў у Рыме ў Ордэн Езуітаў. Глыбокая пабожнасць і суровы лад жыцця спалучаліся ў яго з вялікай любоўю да хворых і да ўсіх, каму была патрэбная дапамога. Падчас эпідэміі чумы, якая лютавала ў Рыме, ён аддана дапамагаў хворым і клапаціўся пра годнае пахаванне памерлых. У выніку заразіўся сам і памёр 21 чэрвеня 1591 г. ва ўзросце 23 гадоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 чэрвеня 2019, 11:39