Пошук

1559386634999.jpg

Папа да румынскіх і венгерскіх вернікаў: будуйце будучыню разам

1 чэрвеня 2019 г. Папа наведаў марыйны санктуарый Шумулеў-Чук – месца штогадовай пілігрымкі католікаў з Венгрыі і Румыніі. Тут ён узначаліў Эўхарыстыю, у якой прынялі ўдзел каля 100 тыс. чалавек.

У гаміліі Францішак заўважыў, што вялікая колькасць вернікаў абедзвюх нацыянальнасцей, якія прыбываюць сюды напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, сімвалізуе дыялог, адзінства і братэрства. Панна Марыя заклікае сваіх дзяцей, каб “не дазволілі скрасці ў сябе надзею праз галасы і раны, якія распальваюць падзелы і адасабленне”, дадаў ён.

“[Складаныя і сумныя падзеі мінулага не павінны забывацца ці адмаўляцца, але яны не могуць таксама станавіцца перашкодамі ці аргументамі, што замінаюць доўгачаканаму братэрскаму суіснаванню]”

, - падкрэсліў Папа.

“Пілігрымаваць, значыць адчуваць сябе пакліканымі і натхнёнымі крочыць разам, просячы Пана аб ласцы ператварэння старых і актуальных крыўдаў і недаверу ў новыя магчымасці для еднасці; значыць зняцца з якару нашай упэўненасці і камфорту, каб пачаць шукаць новую зямлю, якую Пан прагне нам падарыць”, - дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў румынскім і венгерскім католікам, што Бог заўсёды абуджае салідарнасць, братэрства, прагненне дабра, праўды і справядлівасці. Ён заклікаў “змагацца, каб тыя, хто ўчора застаўся ззаду, сталі галоўнымі дзеючымі асобамі заўтрашняга дня, але таксама, каб тыя, якія з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі сёння, не засталіся ззаду заўтра”. Гэта, падкрэсліў Пантыфік, вымагае супольнай працы па будаванні будучыні.

Францішак заўважыў, што Богу падабаецца дзейнічаць праз простых і слабых людзей. Ён заклікаў “прайсці сцежкамі прымірэння”, беручы прыклад з Панны Марыі, дзяўчыны з перыферыі Рымскай імперыі, якая праз сваё “так” дала пачатак “рэвалюцыі ласкавасці”.

“[Будзем жа пілігрымаваць і рызыкаваць разам, каб Евангелле стала закваскай, здольнай прасякнуць усё і даць нашым народам радасць збаўлення ў еднасці і братэрстве]”

, - сказаў Папа.

Перад заканчэннем Эўхарыстыі Францішак ахвяраваў марыйнаму санктуарыю Шумулеў-Чук залатую ружу, якую, пад апладысменты вернікаў паклаў перад фігурай Маці Божай, якая ўшаноўваецца ў гэтым месцы.

Пасля св. Імшы Пантыфік накіраваўся ў архідыяцэзіяльны цэнтр у Меркура-Чук, пасля чаго вылецеў верталётам у Ясы, дзе адбудзецца яго сустрэча з моладдзю і сем’ямі.

Рэпартаж са св. Імшы ў санктуарыі Шумулеў-Чук
Навіна ў фармаце аўдыё
01 чэрвеня 2019, 13:12