Папа: дыялог паміж пакаленнямі спрыяе захаванню тоеснасці народа
Францішак заўважыў, што ў Панаме меў магчымасць убачыць “шляхетную краіну”, у якой дзяржаўныя і рэлігійныя ўлады вельмі блізкія да насельніцтва. “Мы ведаем, што Лацінскай Амерыцы моцна пагражаюць рэчы, накіраваныя на знішчэнне гэтай шляхетнасці – шляхетнасці, што паходзіць з нашай крыві. Няхай Панна Марыя бароніць нас ад гэтага”, - пажадаў Пантыфік.
Паводле Папы, важным з'яўляецца ўмацаванне дыялогу паміж пакаленнямі. Гэта дазволіць моладзі чэрпаць жыццядайныя сокі з каранёў і прыносіць добрыя плёны ў будучыні. Папа заклікаў не скарацца перад “ідэалагічнай каланізацыяй”, якая забівае шляхетнасць народа. “Мост” паміж пакаленнямі, дапаможа захаваць тоеснасць, падкрэсліў ён.
Пантыфік высока ацаніў здольнасць панамскага грамадства інтэграваць афраамерыканскае і індзейскае насельніцтва, што таксама з'яўляцца сведчаннем яго шляхетнасці. “Я быў вельмі шчаслівы ў Панаме, вельмі шчаслівы. Тут дыхалася “нармальнасцю”, ласкавасцю, гэта было цудоўна. Дзякую вам...”, - сказаў Францішак на заканчэнне сустрэчы.
Сусветныя дні моладзі праходзілі ў Панаме 22-27 студзеня пад дэвізам “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”.