Пошук

1561538289169.jpg

Папа на агульнай аўдыенцыі: наследаваць еднасць першых хрысціян

Наследаваць еднасці першых хрысціян, заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, апошняй перад перыядам летняга адпачынку. 26 чэрвеня 2019 г. ён працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных Дзеям Апосталаў.

Пантыфік заўважыў, што плёнам спаслання Святога Духа на першую хрысціянскую супольнасць стала далучэнне да Хрыста вялікай колькасці людзей. Яны навярталіся, прымалі хрост і атрымлівалі дар Святога Духа. “Каля трох тысяч чалавек сталі часткай гэтага брацтва, якое было habitat вернікаў і касцёльным ферментам евангелізацыйнай дзейнасці”, - сказаў Папа.

“[Жар веры гэтых братоў і сясцёр у Хрысце ператварыў іх жыццё ў сцэнарый Божай справы, якая праз апосталаў выяўлялася ў цудах і знаках. Надзвычайнае станавілася звычайным, а будзённасць – прасторай для дэманстравання жывога Хрыста]”

, - дадаў ён.

Дзеі Апосталаў “дэманструюць Ерузалемскі Касцёл як парадыгму кожнай хрысціянскай супольнасці, як ікону прывабнага братэрства”. Гэты біблійны тэкст “дазваляе зазірнуць за кулісы domus, дзе першыя хрысціяне збіраліся як Божая сям’я, дазваляе зазірнуць у koinomia: ў месца еднасці ў любові паміж братамі і сёстрамі ў Хрысце”. Можна ўбачыць, што яны жылі выразна акрэсленым чынам: “трывалі яны ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах” (Дз 2,42), дадаў Папа

“[Хрысціяне нястомна слухалі didaché – апостальскае вучэнне; практыкавалі высокую якасць міжасобасных адносін, у тым ліку праз аб’яднанне духоўных і матэрыяльных дабротаў; успаміналі Пана праз “дзяленне хлеба” – Эўхарыстыю, і размаўлялі з Богам у малітве]”

, - зазначыў Пантыфік.

У адрозненне ад свецкага грамадства, дзе існуе схільнасць да здабыцця ўласнай карысці незалежна ад іншых, а нават за іх кошт, супольнасць вернікаў адмаўляецца ад індывідуалізму на карысць дзялення і салідарнасці, - заўважыў Святы Айцец.

“У душы хрысціяніна няма месца для эгаізму: калі тваё сэрца эгаістычнае – ты не хрысціянін; ты чалавек гэтага свету, які шукае толькі ўласнай выгады. Лука нам кажа, што вернікі трывалі разам (пар Дз 2,44), гэта значыць, што блізкасць і еднасць з’яўляюцца стылем адкупленых: яны былі блізкімі і ўважлівымі адно да аднаго, не абгаворвалі іншых”, - падкрэсліў ён.

Паводле Пантыфіка, ласка хросту дэманструе блізкую сувязь паміж братамі ў Хрысце, якія пакліканы дзяліцца з патрабуючымі і клапаціцца пра іх. У сваю чаргу, “шлях еднасці і ўвагі да патрабуючых”, які выбраў Касцёл, дазваляе яму весці “праўдзівае і сапраўднае літургічнае жыццё”.

“[Тэкст Дзеяў Апосталаў нагадвае нам, што Пан абяцае рост супольнасці (пар 2,47): трыванне вернікаў у сапраўдным саюзе з Богам і братамі, становіцца сілай, якая прыцягвае, прываблівае і здабывае многіх (пар. Evangelii gaudium, 14), становіцца прынцыпам, дзякуючы якому супольнасць вернікаў жыве ва ўсе часы]”

, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заклікаў маліцца, каб хрысціянскія супольнасці былі месцам, дзе можна “прыняць і практыкаваць новае жыццё, справы салідарнасці і адзінства; месцам, дзе літургія з’яўляецца сустрэчай з Богам, што яднае з братамі і сёстрамі; месцам з расчыненымі брамамі да Нябеснага Ерузалема”.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
26 чэрвеня 2019, 11:56