Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень бедных

Праз бедных прыходзіць збаўленне, бо яны дазваляюць сустрэцца з абліччам Езуса Хрыста, - падкрэсліў Папа ў пасланні на ІІІ Сусветны дзень бедных, абнародаваным 13 чэрвеня 2019 г.

Святы Айцец заўважыў, што “хуткае эканамічнае развіццё” суправаджаецца павелічэннем колькасці бедных, многія з якіх, знаходзячыся ў стане крайняй галечы, вымушаны шукаць ежу і адзенне на памыйніцы. “Яны самі сталі часткай чалавечай памыйніцы, да іх ставяцца як да адходаў, а саўдзельнікі гэтага скандалу не маюць ніякага пачуцця віны. Іх часта лічаць паразітамі грамадства, бедным не прабачаюць нават іх беднасці...”, - з жалем падкрэсліў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў вярнуць бедным надзею, бо ад гэтага залежыць “пераканаўчасць нашага прапаведавання і сведчання хрысціян”. “Сацыяльная падтрымка бедных з’яўляецца заданнем, якое з’яўляецца не чужым абвяшчэнню Евангелля, а наадварот, дэманструе рэалізм хрысціянскай веры і яго гістарычную вартасць”, - падкрэсліў Пантыфік.

“[Любоў, якая напаўняе жыццём веру ў Езуса, не дазваляе Яго вучням замкнуцца ва ўдушлівым індывідуалізме, схаваным у сегментах духоўнай адасобленасці, што не мае ніякага ўплыву на сацыяльнае жыццё]”

, - дадаў ён.

Паводле Папы, каб быць “сведкамі хрысціянскай надзеі ў кантэксце культуры спажывальніцтва і адчужэння”, неабходна змена мыслення, што дазволіць бачыць тое, што важнае, неабходна суправаджэнне бедных з пастаянствам і бескарыслівасцю, неабходна пераадоленне падзелаў, выкліканых ідэалагічнымі ці палітычнымі поглядамі.

“У першую чаргу, бедныя маюць патрэбу ў Богу, у Яго любові, якая становіцца бачнай, дзякуючы святым людзям, што жывуць побач з імі, якія прастатой свайго жыцця выражаюць хрысціянскую любоў і даюць праявіцца яе сіле. Бог выкарыстоўвае мноства шляхоў і бясконцую колькасць прылад, каб дасягнуць сэрца людзей”, - падкрэсліў Папа.

“[Бедныя патрабуюць нашых рук, каб атрымаць суцяшэнне, нашых сэрцаў, каб зноў адчуць цяпло добрага стаўлення да сябе, нашай прысутнасці для перамогі над самотнасцю. Яны проста маюць патрэбу ў любові]”

, - дадаў ён.

Пантыфік зазначыў, што, каб даць бедным надзею, часам дастаткова простых жэстаў: спыніцца, усміхнуцца, выслухаць. “Давайце на адзін дзень адкладзём статыстыку; бедныя – гэта не лічбы, якімі трэба апеляваць, каб хваліцца ініцыятывамі і праектамі. Бедныя – гэта людзі, якім трэба ісці насустрач: гэта моладзь і пажылыя, якіх трэба запрасіць дамоў, каб падзяліцца абедам; гэта мужчыны, жанчыны і дзеці, якія чакаюць сяброўскага слова. Бедныя нас збаўляюць, бо дазваляюць сустрэцца з абліччам Езуса Хрыста”, - дадаў ён.

Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, які праходзіў у 2016 г. Папа пажадаў, каб ён адзначаўся ў кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю. Сёлета яна выпадае на 17 лістапада.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 чэрвеня 2019, 12:30