Пошук

1561803193507.JPG

Папа: вандроўнасць, гатоўнасць і рашучасць – рысы Касцёла

Сваё разважанне перад малітвай “Анёл Панскі” 30 чэрвеня 2019 г., Папа прысвяціў сутнасці паклікання Хрыстовых вучняў і назваў галоўныя складальнікі місіі Касцёла.

Прапануем поўны тэкст медытацыі Папы:

“У сённяшнім Евангеллі (Лк 9, 51-62) св. Лука пачынае гісторыю апошняга падарожжа Езуса ў Ерузалем, якая завершыцца ў главе 19. Гэта доўгае, не толькі ў геаграфічным і прасторавым, але і ў духоўным і тэалагічным сэнсе, вандраванне, тычыцца выканання місіі Месіі. Рашэнне Езуса – радыкальнае і татальнае, і тыя, хто ідзе за Ім, закліканы сувымераць сябе з ім. Сёння евангеліст прапануе нам трох герояў – так бы мовіць, тры выпадкі паклікання – якія падкрэсліваюць, што патрабуецца ад тых, хто хоча да канца ісці за Езусам.

Першы герой абяцае яму: “Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў” (Лк 9, 57). Вельмі шчодра! Але Езус адказвае, што Сын Чалавечы, у адрозненне ад ліс, якія маюць норы, і птушак нябесных, у якіх ёсць гнёзды, “не мае, дзе схіліць галаву” (Лк 9, 58). Абсалютная беднасць Езуса! Ён, па сутнасці, пакінуў бацькоўскі дом і адмовіўся ад бяспекі на карысць абвяшчэння Божага Валадарства для згубленых авечак свайго народа. Такім чынам, Езуса прадэманстраваў нам, сваім вучням, што наша місія ў свеце не можа быць статычнай – яна з’яўляецца вандроўнай. Хрысціянін – гэта вандроўнік.

“[Касцёл па сваёй прыродзе рухаецца, ён не сядзіць і заспакойваецца на сваім месцы. Ён адкрыты для самых шырокіх гарызонтаў, ён – пасланы, каб несці Евангелле на вуліцы і дабрацца да чалавечай і экзістэнцыяльнай перыферыі.]”

Гэта быў першы персанаж. Другая асоба, з якой сустракаецца Езус, атрымлівае заклік непасрэдна ад Яго, але адказвае: “Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць айца майго” (Лк 9, 59). Гэта законная просьба, заснаваная на запаведзі пашаны да бацькі і маці (Вых 20,12). Аднак Езус адказвае: “Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых” (Лк 9, 60). З дапамогай гэтых наўмысна правакацыйных слоў Ён мае намер пацвердзіць першынства прытрымлівання і абвяшчэння Божага Валадарства нават перад самымі важнымі рэчамі, такімі як сям’я. Неабходнасць распаўсюджвання Евангелля, якое парушае ланцуг смерці і адкрывае жыццё вечнае, не прызнае затрымак, але патрабуе гатоўнасці. Таму Касцёл не з’яўляецца пасіўным, і дзейнічаць хутка, цяпер, не чакаючы – мае для яго вырашальнае значэнне.

Трэці чалавек таксама хоча ісці за Езусам, але пры адной умове: ён зробіць гэта пасля развітання з роднымі. І Настаўнік кажа так: “Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага” (Лк 9, 62).

“[Наследаванне Езуса выключае шкадаванне і агляданне назад, але патрабуе цноты рашучасці.]”

Касцёл, для таго, каб ісці за Езусам, павінен быць вандроўным, дзейнічаць неадкладна, спешна і рашуча. Гэтыя ўмовы ўстаноўлены Езусам – вандроўнасць, гатоўнасць і рашучасць, – тут не можа быць ніякіх “не” для добрых і важных рэчаў у жыцці. Акцэнт, хутчэй, павінен быць зроблены на галоўнай мэце: стаць вучнем Хрыста! Гаворка ідзе пра свабодны і свядомы выбар, зроблены з любові, узаемна да бясцэннай ласкі Божай, а не як спосаб прасоўвання сябе. Гэта сумна! Гора тым, хто думае, што яны ідуць за Езусам, каб прасоўваць сябе: зрабіць кар’еру, адчуваць сябе важным або заняць прэстыжнае месца. Езус хоча, каб мы захопліваліся Ім і Евангеллем. Патрэбна палкасць сэрца, якая перакладаецца на канкрэтныя жэсты блізкасці, салідарнасці да братоў, якія патрабуюць прыняцця і клопату. Гэтак жа, як Ён сам жыў.

Няхай Панна Марыя, ікона Касцёла вандроўнага, дапаможа нам ісці за Панам Езусам з радасцю і абвяшчаць братам, з абноўленай любоўю, Добрую Навіну аб збаўленні”, - сказаў Пантыфік.

Завяршаючы сваю нядзельную сустрэчу з вернікамі, Папа пажадаў усім работнікам добрага летняга адпачынку і выказаў спадзяванне, што гэты час прынясе карысць ім і іх сем’ям.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 чэрвеня 2019, 14:01