Пошук

1559989713662.JPG

Святы Айцец харызматычнай сям’і: служэнне і камунія

Магчымасцю для Касцёла, назваў харызматычнае абнаўленне Папа, перафразаваўшы Паўла VI. 8 чэрвеня 2019 г. ён сустрэўся з прадстаўнікамі CHARIS – службы, якая аб’ядноўвае каталіцкіх харызматаў.

Паводле Францішка, сёння пачынаецца новы этап для харызматычнай сям’і, адзначаны камуніяй сярод усіх яе членаў, дзе праяўляецца моцная прысутнасць Святога Духа на карысць усяго Касцёла. І гэтая прысутнасць робіць усіх роўнымі, бо ўсе і кожны народжаны ад аднаго і таго ж Духа – усе яны ўтвараюць адно цэлае, якое заўсёды перавышае частковае.

CHARIS – новая Служба каталіцкага харызматычнага абнаўлення, – была створана, згодна з жаданнем Пантыфіка, 8 снежня 2018 г. Яна замяніла сабой дзве структуры, якія раней каардынавалі дзейнасць харызматычнага руху ў Касцёле: Міжнароднае каталіцкае служэнне харызматычнага абнаўлення і Каталіцкае брацтва саюза харызматычных супольнасцей і асацыяцый.

Францішак звярнуў увагу на некалькі аспектаў, звязаных з рэарганізацыяй каталіцкай харызматычнай сям’і. Ён падкрэсліў, што новае можа пужаць: узнікае пачуццё няўпэўненасці ад перамен. І тут прыходзіць спакуса д’ябла, аддаць перавагу старому перад новым, аддзяліцца ад адзінства. Але наш Бог ёсць Богам новага, заўважыў Святы Айцец. Божая навізна заўсёды з’яўляецца благаслаўленнем, паколькі выходзіць з Яго любячага сэрца. Спакуса сказаць: “У нас усё добра, усё ў парадку, навошта мяняць?”, – заўсёды будзе прысутнічаць. Але такія думкі не ідуць ад Святога Духа. Папа заклікаў каталіцкіх харызматаў не паддавацца такога роду спакусам у цяперашні перыяд перамен.

Эмблема CHARIS
Эмблема CHARIS

Служэнне, а не панаванне, характэрнае каталіцкім рухам, нагадаў Францішак. Ён звярнуў увагу, што часам у чалавечых аб’яднаннях, свецкіх і рэлігійных, з’яўляюцца: імкненне шукаць асабістай выгады, амбіцыі кіраваць, валодаць грашыма: так развіваецца сапсаванасць і карупцыя. Пантыфік нагадаў сваю думку пра тое, што д’ябал уваходзіць праз кішэні. “Служэнне – гэта даваць, даваць, даваць”, - падкрэсліў ён.

Папа нагадаў пра яшчэ адно важнае для каталіцкай рэчаіснасці паняцце – камунію. Ён заклікаў харызматаў жыць як адзіная сям’я: “сям’я, дзе існуе толькі адзін Бог Айцец, адзін Пан Езус Хрыстус і адзін Дух, які ажыўляе; сям’я, у якой адзін чалавек не больш важны, чым другі, ні па ўзросце, ні па інтэлекту, ні па здольнасцях, бо ўсе яны любімыя дзеці аднаго і таго ж Айца”.

Францішак сказаў, чаго чакае ад CHARIS. Па-першае, гэты рух павінен падзяляць хрост у Духу Святым з усімі ў Касцёле: не прысвойваць нічога сабе, але дзяліцца. Па-другое, яго місія – служэнне адзінству цела Хрыста, якое з’яўляецца Касцёлам. Святы Дух прымушае разнастайныя харызмы сустракацца ў гармоніі і адзінстве. Па-трэцяе, CHARIS павінна служыць бедным і тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, фізічнай і духоўнай. Гэтыя тры рэчы, на думку Папы, з’яўляюцца неабходным сведчаннем для евангелізацыі свету, да чаго кожны закліканы ў сілу свайго хросту.

Святы Айцец перасцярог: у каталіцкай арганізацыі могуць быць цудоўныя праграмы па евангелізацыі, але калі не будзе любові і супольнасці, яны не прынясуць нічога. Ён пажадаў, каб харызматычнае абнаўленне заставалася крыніцай ласкі Святога Духа, а яго члены – сведкамі Божай любові.

Трэба адзначыць, што CHARIS не з’яўляецца органам улады. Пасля яго стварэння, кожная форма харызматычнага абнаўлення засталася пад той касцёльнай юрысдыкцыяй, пад якой знаходзілася папярэдне, з захаваннем уласнай тоеснасці. У той жа час, з’явілася магчымасць карыстацца дапамогай Службы ў выкананні місіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 чэрвеня 2019, 14:17