Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: дыялог – найлепшы сродак супраць булізму

“Аб’яўляйце вайну булізму, таму што ён прыніжае чалавечую годнасць, і рабіце стаўку на дыялог, на тое, каб ісці разам, на цярплівасць у слуханні іншага”, - заклікаў Папа маладых людзей.

Пантыфік скіраваў адмысловы відэа-зварот да ўдзельнікаў сустрэчы, прымеркаванай да запуску 24-гадзіннага віртуальнага марафону #StopCyberbullyingDay/24h і онлайн-канферэнцыі, якая прайшла ў яго рамках на тэму булізму і кібербулізму 21 чэрвеня 2019 г. у сядзібе Фонду Scholas Occurrentes у Рыме.

“Праблема, якая мяне вельмі хвалюе, – каб кожны з вас знайшоў сваю ідэнтычнасць, пры гэтым без патрэбы прымяншаць ці ачарняць ідэнтычнасць іншых. Знайсці ўласную ідэнтычнасць – гэта шлях, шлях дыялогу, шлях разважанняў, шлях унутранай засяроджанасці”, - сказаў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што “вельмі просты спосаб не ісці па гэтым шляху – нападаць на ідэнтычнасць іншых або прымяншаць яе”, але менавіта тады і нараджаецца булізм. Ён выяўляе слабую ідэнтычнасць таго, хто нападае, хто мае патрэбу ў нападках, каб адчуваць сябе чалавекам.

“[Булізм – гэта феномен самаапраўдання, павышэння ўласнай вартасці, але не праз сустрэчу з самім сабой, а праз прыніжэнне іншага, каб такім чынам адчуваць сябе больш значным]”

, - заўважыў Папа. Ён дадаў, што адзіная ўмова, пры якой чалавеку дазволена глядзець звысоку на іншага, – калі “ён дапамагае іншаму ўзняцца”.

Францішак выказаў перакананне, што найлепшы сродак супраць булізму – гэта шчырая размова. “Не бойцеся ўступаць у дыялог: кожны з нас мае штосьці добрае, што можа даць іншаму; кожны з нас мае патрэбу ў тым, каб атрымаць штосьці добрае ад іншага”, - заахвоціў Папа маладых людзей.

Святы Айцец заклікаў сваіх гледачоў змагацца з булізмам праз цярплівасць у слуханні іншых. “Тады будзе трывалы мір, які і дазволіць вынайсці ўласную годнасць”, - лічыць Францішак.

У рамках канферэнцыі была прадстаўлена 1-я Сусветная справаздача па кібербулізме, падрыхтаваная Scholas Occurrentes, і падпісана дамова ў сферы барацьбы з булізмам паміж Фондам і Міністэрствам адукацыі, універсітэтаў і навуковых даследаванняў Італіі.

Булізм, пра які ўсё часцей гаворыцца ў свеце, – гэта агрэсіўныя паводзіны падлеткаў у адносінах да аднагодкаў, аднакласнікаў і таварышаў, цкаванне слабых.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 чэрвеня 2019, 11:19