Пошук

Рака Рыа-Грандэ ля мяжы паміж Мексікай і ЗША Рака Рыа-Грандэ ля мяжы паміж Мексікай і ЗША 

Святы Айцец засмучаны гібеллю мігрантаў на мяжы ЗША і Мексікі

Вялікі боль і смутак выклікала ў Францішка трагічная гібель мігрантаў – бацькі і яго маленькай дачкі, якія патанулі ў рацэ Рыа-Грандэ, спрабуючы пераадолець мяжу паміж Мексікай і ЗША.

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы заявіў, што Папу агарнуў вялікі боль, калі ён убачыў фотаздымак двух цел. Святы Айцец “глыбока засмучаны іх смерцю, ён моліцца за ўсіх мігрантаў, якія загінулі, спрабуючы ўцячы ад войнаў і нястачы”, - сказаў Алесандра Джызоці.

Аб трагедыі распавяла свету мексіканская журналістка Хулія Ле Дук. Гэта яна зрабіла фотаздымак ахвяр, які затым быў апублікаваны ў мексіканскім часопісе “La Jornada” і перадрукаваны самымі буйнымі выданнямі свету.

Паводле журналісткі, сальвадорац Альбэрта Марцінэс, яго жонка Таня Ванэса Авалас і іх двухгадовая дачка знаходзіліся ў лагеры бежанцаў, чакаючы прызнання прытулку ў Злучаных Штатах Амерыкі. У нядзелю 23 чэрвеня 2019 г. яны накіраваліся да мяжы, каб пераплыць раку і дабрацца да горада Браўнсвіль, у амерыканскім штаце Тэхас. У апошні момант Ванэса адмовілася ад гэтай задумы, а бацька з дачкой адправіліся ў небяспечны шлях самі. На вачах у жанчыны іх знесла моцнае цячэнне. Целы загінулых былі знойдзены толькі праз два дні.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 чэрвеня 2019, 11:42