Пошук

Сцяг Еўрапейскага Саюза. Ілюстрацыйнае фота Сцяг Еўрапейскага Саюза. Ілюстрацыйнае фота 

Кіраўнік папскай дыпламатыі: моладзь з ідэаламі выратуе Еўропу

Перад абліччам сучаснага крызісу ў Еўропе хрысціяне пакліканы даваць прыклад супольнасці, якая натхняецца моцнымі ідэаламі, перакананы кардынал Пьетра Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца звярнуўся да ўдзельнікаў летняй школы, прысвечанай ролі хрысціян у палітыцы, якая была арганізавана Рымскай дыяцэзіяй. Форум праходзіў 25-27 ліпеня 2019 г. у мястэчку Фраскаці, недалёка ад Рыма. У ім бралі ўдзел каля 130 юнакоў і дзяўчат.

Дзяржсакратар звярнуў увагу на прычыны крызісу ў грамадска-палітычнай сферы ЕС. Першая, на яго думку, гэта згуба імкнення рэалізоўваць першапачатковы еўрапейскі праект. Другая – умацаванне прыярытэту эканомікі над палітыкай. Трэцяя – скажэнне разумення слова “правы”, многія з якіх згубілі спасылку на натуральнае права і ствараюць супярэчнасці. Чацвёртая прычына – разрыў сувязі з грэка-рымскім мысленнем.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі перакананы, што неабходна працягваць будаваць адзіную Еўропу, спрыяючы добрым адносінам паміж людзьмі. Хрысціяне ў гэтым кантэксце пакліканы даваць добры прыклад, будучы супольнасцю, якая натхняецца моцнымі ідэаламі. Што тычыцца Касцёла, то ён “не можа быць маргіналізаваны тымі, хто не прымае нашы каштоўнасці” і прасоўвае агрэсіўны від свецкасці, “пераможаны гісторыяй”, лічыць іерарх.

У каментары для Vatican News кардынал Паралін заўважыў, што заўсёды падтрымлівае ініцыятывы, накіраваныя на фармацыю хрысціянскай моладзі ў грамадска-палітычных пытаннях. Яны адпавядаюць патрэбе ў “эфектыўнай прысутнасці голасу католікаў у палітыцы”. “Існуе пустата, якая павінна быць запоўнена. Ініцыятыва Рымскай дыяцэзіі адказвае на гэту патрэбу”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Кардынал Дзяржсакратар нагадаў пра важны ўклад, які зрабілі католікі ў адбудову Еўропы ў перыяд пасля Другой сусветнай вайны. “Усе айцы-заснавальнікі Еўрапейскага Саюза спасылаліся на Евангелле, прымаючы яго ў якасці зыходнай кропкі, арыенціру і кіраўніцтва. І калі сёння мы бачым крызіс Еўропы – гэта таму, што знік такі ідэалізм”, - сказаў кіраўнік папскай дыпламатыі.

На думку кардынала Параліна, важна, каб сучасная моладзь мела высокія ідэалы і імкнулася рэалізаваць іх у палітыцы. “Папа Францішак шмат разоў казаў пра канапавую моладзь. Маладыя людзі павінны падняцца і пачаць працаваць. Актуальная сітуацыя такая, што ніхто не можа заставацца інертным і раўнадушным. Трэба “запэцкаць рукі”. Еўропа – гэта будучыня, яна не можа вярнуцца назад, ёй трэба вярнуць жыццё. Перад абліччам складанасці праблем і выклікаў, існуе спакуса вярнуцца назад і шукаць старыя адказы, якія ў мінулым пацярпелі паразу. Заданне ж заключаецца ў тым, каб быць крэатыўнымі і здольнымі прапаноўваць новыя рашэнні”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

27 ліпеня 2019, 09:55