Пошук

Папа Францішак падчас візіту ў Аматрычэ ў 2016 г. Папа Францішак падчас візіту ў Аматрычэ ў 2016 г. 

Пантыфік: за злоўжыванні экалогіяй расплачваюцца бедныя

Самы высокі кошт разбурэнняў, звязаных са злоўжываннямі навакольным асяроддзем, плацяць бедныя, заўважыў Святы Айцец у пасланні да арганізатараў і ўдзельнікаў ІІ Форума супольнасцей “Laudato si’”.

Сустрэча на тэму “Платена Амазонія” прайшла 6 ліпеня 2019 г. у італьянскім горадзе Аматрычэ, тры гады таму практычна дашчэнту разбураным землятрусам. Папа назваў “знакам надзеі” той факт, што падзея адбылася менавіта ў гэтым месцы.

“Гэта не толькі знак блізкасці да шматлікіх братоў і сясцёр, якія яшчэ жывуць паміж успамінамі пра жахлівую трагедыю і адбудовай, якая спазняецца завяршыцца, але выражае таксама жаданне гучна і выразна сцвердзіць, што менавіта бедныя плацяць самы высокі кошт разбурэнняў, звязаных з навакольным асяроддзем”, - нагадаў Святы Айцец.

“[Раны, нанесеныя прыродзе, з’яўляюцца ранамі, нанесенымі самым неабароненым прадстаўнікам чалавецтва. У энцыкліцы “Laudato si’”я пісаў: “Нельга стварыць новых адносінаў з прыродай без адноўленага чалавека. Няма экалогіі без адпаведнай антрапалогіі]”

, - дадаў ён.

У мінулым годзе тэмай форума быў “пластык, у якім тоне наша планета”, але сёлета яго ўдзельнікі скіравалі сваю ўвагу да праблем Амазоніі і народаў, якія тут пражываюць. Менавіта гэтаму рэгіёну будзе прысвечаны Сінод Біскупаў, які адбудзецца ў Ватыкане ў кастрычніку, нагадаў Папа.

“Сітуацыя Амазоніі – гэта сумная парадыгма таго, што адбываецца ў большай частцы планеты: сляпая і разбуральная ментальнасць, якая аддае перавагу прыбытку, а не справядлівасці; яна дэманструе драпежніцкія адносіны, якія чалавек мае да прыроды. Калі ласка, не забывайце, што сацыяльная і экалагічная справядлівасць глыбока ўзаемазвязаны! Тое, што адбываецца ў Амазоніі будзе мець наступствы на ўсепланетным узроўні, але ўжо зараз пакінула тысячы людзей без іх тэрыторыі, зрабіўшы іх чужынцамі на сваёй зямлі, абясплодзіла іх культуру і традыцыі, парушыўшы тысячагадовую раўнавагу, якая лучыла гэтыя народы з іх зямлёй”, - падкрэсліў Пантыфік.

“[Чалавек не можа заставацца абыякавым гледачом перад гэтым спусташэннем, і тым больш Касцёл не можа заставацца нямым: крык бедных павінен загучаць з яго вуснаў, на што ўжо звяртаў увагу Павел VI у сваёй энцыкліцы “Populorum Progressio”]”

, - дадаў Папа.

Францішак даў некаторыя канкрэтныя парады, якія дапамогуць з’яўленню новага ладу жыцця, больш паважлівага да навакольнага асяроддзя. Па-першае, на яго думку, важна праслаўляць Бога за Яго стварэнне. Сузіранне і праслаўленне вядуць да павагі і ўшанавання стварэння і яго Стварыцеля.

Па-другое, патрэбна эўхарыстычнае стаўленне да свету і яго жыхароў. Усё што мы атрымалі ў дар, павінна станавіцца дарам, якім трэба з радасцю дзяліцца, каб ён станавіўся яшчэ большым.

Трэцяе патрабаванне – аскетызм.

“[Кожная форма павагі нараджаецца праз аскетычнае стаўленне, гэта значыць праз здольнасць адмаўляцца ад чагосьці, дзеля чагосьці большага, дзеля дабра іншых людзей. Аскетызм дапамагае нам змяніць драпежніцкае стаўленне, якое нас заўсёды падсцерагае, у дзяленне, у паважлівыя і ўважлівыя адносіны да экалогіі]”

, - дадаў Пантыфік.

На заканчэнне паслання Францішак пажадаў, каб супольнасці “Laudato si’” сталі зернямі новага стаўлення да свету, каб даць яму шанц на будучыню, захаваць яго прыгажосць і цэласнасць для дабра ўсяго жывога.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 ліпеня 2019, 13:36