Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Францішак: хрысціянская малітва павінна быць дыялогам любові

Малітва “Ойча наш” – адзін з самых каштоўных дароў Пана, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на “Анёл Панскі”, 27 ліпеня 2019 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“У сённяшнім евангельскім урыўку св. Лука распавядае пра абставіны, у якіх Езус навучыў малітве “Ойча наш”. Яго вучні ўжо ўмелі маліцца, паўтараючы формулы юдэйскай традыцыі, але прагнулі быць здольнымі да такой “якасці” малітвы, якую меў Езус, бо бачылі, што малітва – важнейшае вымярэнне жыцця іх Настаўніка. Сапраўды, Яго кожнае важнае дзеянне характарызавалася доўгімі перапынкамі на малітву.

“[Акрамя таго, іх прываблівала, што Ён маліўся не так як іншыя тагачасныя настаўнікі. Яго малітва была блізкай сувяззю з Айцом і яны таксама прагнулі ўдзельнічаць у такіх момантах яднання з Богам, каб цалкам адчуць іх слодыч.]”

Такім чынам, аднойчы, яны дачакаліся пакуль Езус скончыў малітву ў адасобленым месцы, а потым спыталі Яго: “Пане, навучы нас маліцца” (Лк 11,1). Адказваючы на выразную просьбу сваіх вучняў Езус не стаў даваць ім абстрактнае акрэсленне малітвы і вучыць эфектыўнай тэхніцы, каб маліцца і “атрымаць” штосьці. Ён, аднак, запрасіў сваіх перажыць досвед малітвы, уводзячы іх у непасрэдную камунікацыю з Айцом, выклікаючы ў іх тугу па асабістых адносінах з Богам, з Айцом.

“[Менавіта ў гэтым заключаецца навізна хрысціянскай малітвы! Яна з’яўляецца дыялогам паміж асобамі, якія любяць адно аднаго, дыялогам, заснаваным на даверы, падтрыманым слуханнем і адкрытым на салідарную дзейнасць. Гэта дыялог Сына і Айца, дыялог паміж дзецьмі і Айцом. Гэта хрысціянская малітва.]”

Тут Ён перадае ім малітву “Ойча наш”, якая, магчыма, з’яўляецца адным з самых каштоўных дароў, які быў пакінуты нам Боскім Настаўнікам падчас Яго зямной місіі. Пасля таго, як адкрыў нам сваю таямніцу Сына і брата, гэтай малітвай Езус дазваляе нам спасцігнуць бацькоўства Бога і гэта я хачу падкрэсліць: калі Езус вучыць нас малітве “Ойча наш”, дазваляе спасцігнуць бацькоўства Бога і ўказвае нам як увайсці ў малітоўны і непасрэдны дыялог з Ім, шляхам сыноўскага даверу. Гэта дыялог паміж бацькам і сынам, сынам і бацькам. Тое, аб чым просім у малітве “Ойча наш”, ужо цалкам рэалізавана і падорана нам у Адзінародным Сыне: асвячэнне Імя, надыход Валадарства, дар хлебу, прабачэнне і вызваленне ад зла.

“[Калі просім, будзем трымаць адкрытымі далоні, каб прымаць, каб прымаць дары, якія Айцец нас паказаў у Сыне. Малітва, якой нас навучыў Пан – гэта абагульненне кожнай малітвы, і мы скіроўваем яе да Айца заўсёды ў еднасці з братамі. Часам здараецца, што падчас малітвы нешта адцягвае нашу ўвагу, але часта мы адчуваем жаданне спыніцца на першым слове: “Ойча” і адчуць гэта бацькоўства ў сэрцы.]”

Потым Езус распавёў прыпавесць пра настойлівага сябра і сказаў: “Трэба быць настойлівымі ў малітве”. Мне прыходзіць на думку тое, што робяць дзеці калі маюць тры, тры з паловай гады, і пачынаюць задаваць пытанні пра тое, чаго не разумеюць. На маёй радзіме гэта называецца “узростам чамучак” думаю, што тут таксама. Дзеці пачынаюць глядзець на бацьку і казаць: “Тата, чаму? Тата, чаму?”. Просяць тлумачэння. Але будзем уважлівымі: калі бацька пачынае распавядаць чаму, яны задаюць іншае пытанне, нават не даслухаўшы тлумачэння. Што тут здараецца? Здараецца тое, што дзеці адчуваюць сябе няўпэўненымі ў многіх рэчах, якія пачынаюць разумець напалову. Яны толькі прагнуць прыцягнуць позірк бацькі да сябе, таму пытаюцца: “Чаму, чаму, чаму?”.

“[І калі мы, у малітве “Ойча наш”, спынімся на першым слове, учынім тое самае, што рабілі, калі былі дзецьмі: прыцягваць да сябе позірк айца. Казаць: “Ойча, Ойча”, значыць таксама казаць: “Чаму?”, а Ён на нас будзе глядзець.]”

Папросім Марыю, жанчыну ў малітве, дапамагчы нам маліцца да Айца ў еднасці з Езусам, каб жыць Евангеллем пад кіраўніцтвам Святога Духа”.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў вернікаў і ўдзяліў благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 ліпеня 2019, 10:37