Пошук

Францішак падчас малітвы "Анёл Панскі" Францішак падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа перад “Анёл Панскі”: злучыць сузіранне і актыўнае дзеянне

Мудрасць у сэрцы заключаецца ў здольнасці паяднаць два элементы: сузіранне і дзеянне, падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Яна прайшла 21 ліпеня 2019 г. у Ватыкане.

“У фрагменце на гэту нядзелю евангеліст Лука распавядае пра візіт Езуса ў дом Марты і Марыі, сясцёр Лазара (пар. Лк 10,38-42). Ён быў прыняты імі, а Марыя села каля Яго ног, каб слухаць; яна пакінула тое, што рабіла, каб быць побач з Езусам; не хацела згубіць ніводнага слова. Усё павінна быць адкладзена, бо, калі Ён прыходзіць, каб наведаць нас у нашым жыцці, Яго прысутнасць і слова павінны быць важней за ўсё іншае.

“[Пан нас заўсёды здзіўляе: калі мы пачынаем Яго па-сапраўднаму слухаць, хмары разыходзяцца, сумневы саступаюць месца праўдзе, страх – супакою, а розныя жыццёвыя сітуацыі знаходзяць належнае месца. Пан заўсёды, калі прыходзіць, усё ўпарадкавае.]”

Праз гэта прабыванне Марыі з Бэтаніі каля ног Езуса, св. Лука паказвае малітоўную паставу верніка, які ўмее знаходзіцца ў прысутнасці Настаўніка, каб слухаць Яго і ўваходзіць у сугучча з Ім. Гаворка ідзе пра здольнасць рабіць паўзу на працягу дня, канцэнтравацца ў маўчанні, на некалькі хвілін, ствараць месца для Пана, Які “праходзіць”, мець мужнасць, каб заставацца крыху “на аддаленасці” з Ім, дзеля таго, каб затым вярнуцца, з большым спакоем і плённасцю, да штодзённых спраў.

“[Праслаўляючы паводзіны Марыі, якая “выбрала найлепшую частку” (Лк 10,42), Езус, нібыта паўтарае кожнаму з нас: “Не дазволь, каб цябе перамаглі справы, якія трэба рабіць, але ў першую чаргу слухай голас Пана, каб добра выконваць заданні, якія жыццё ставіць перад табой”.]”

Была таксама іншая сястра, Марта. Св. Лука кажа, што гэта яна прымала ў гасцях Езуса (пар. Лк 10,38). Магчыма Марта была старэйшай з дзвюх сясцёр, мы не ведаем гэтага, але гэта жанчына дакладна мела харызму гасціннасці. Насамрэч, у той час як Марыя слухала Езуса, Марта пачала рабіць мноства паслугаў. Таму Езус сказаў ёй: “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае” (Лк 10,41). Гэтымі словамі Ён, вядома, не хацеў асудзіць яе схільнасць да служэння, але, галоўным чынам, тую мітуслівасць, з якой яно нярэдка здзяйсняецца.

“[Будзем таксама і мы падзяляць руплівасць св. Марты, па яе прыкладзе, імкнуцца рабіць так, каб у нашых сем’ях і супольнасцях жыў дух гасціннасці, братэрства, каб кожны мог адчуваць сябе “як дома”, асабліва малыя і бедныя, калі стукаюць у нашы дзверы.]”

Такім чынам, сённяшняе Евангелле нагадвае нам, што мудрасць у сэрцы, заключаецца менавіта ў здольнасці паяднаць гэтыя два элементы: сузіранне і дзеянне. Марта і Марыя ўказваюць нам шлях. Калі мы хочам атрымліваць асалоду ад радаснага жыцця, мы павінны злучыць гэтыя дзве паставы: з аднаго боку, “быць каля ног” Езуса, каб слухаць Яго, калі Ён адкрывае нам таямніцы рэчаў; а з іншага – быць руплівымі і гатовымі да гасціннасці, калі Ён праходзіць і стукае ў нашы дзверы, у абліччы сябра, што мае патрэбу ў хвіліне адпачынку і братэрства. Ёсць патрэба ў такой гасціннасці.

Няхай Найсвяцейшая Марыя, Маці Касцёла, адорыць нас ласкай любові і служэння Богу і братам з рукамі Марты і сэрцам Марыі, бо калі будзем заўсёды слухаць Хрыста, зможам стаць будаўнікамі міру і надзеі. І гэта цікава: дзякуючы гэтым дзвюм паставам станем будаўнікамі міру і надзеі”.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў вернікаў і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё

 

21 ліпеня 2019, 12:30