Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: урачы павінны бараніць жыццё, а не пазбаўляць яго

Грамадства з’яўляецца чалавечным, калі бароніць кожнае чалавечае жыццё. Аб гэтым нагадаў Папа 10 ліпеня 2019 г. праз свой акаўнт у сацыяльнай сетцы “Твітэр”.

“Молімся за хворых, якія засталіся без дагляду і пакінуты паміраць. Грамадства з’яўляецца чалавечным, калі бароніць кожнае жыццё, ад пачатку да яго натуральнага заканчэння, не дзелячы на тых, хто годны жыць, а хто – не. Урачы павінны служыць жыццю, а не пазбаўляць яго”, - напісаў Францішак.

Твіт Пантыфіка быў апублікаваны за дзень да смерці ў Францыі 42-гадовага Вэнсана Ламбэра, які больш за дзесяць гадоў знаходзіўся ў хранічным вегетатыўным стане, прычынай чаму паслужыла сур’ёзнае дарожнае здарэнне. 2 ліпеня яго адключылі ад сістэмы штучнага харчавання і гідратацыі. Вэнсан Ламбэр памёр 11 ліпеня.

Дзяржаўны савет Францыі прыняў рашэнне аб адключэнні медыцынскага абсталявання яшчэ ў красавіку 2018 г. Аднак, пасля скаргі бацькоў Ламбэра, Парыжскі апеляцыйны суд пастанавіў прыпыніць працэдуру. Апеляцыю, у сваю чаргу, адмяніў касацыйны суд, таму ўрачы прыступілі да выканання папярэдняга рашэння. Паводле бацькоў, гаворка ідзе пра забойства інваліда, які не знаходзіцца на апошнім этапе жыцця, або эўтаназію, забароненую ў Францыі.

Святы Айцец некалькі разоў звяртаў увагу на сітуацыю Вэнсана Ламбэра. Калі ўрачы адключылі яго ад сістэмы штучнага харчавання і гідратацыі ў першы раз, ён напісаў у “Твітэры”: “Будзем маліцца за людзей, якія жывуць у цяжкім стане. Будзем заўсёды бараніць жыццё, Божы дар, ад пачатку да натуральнага заканчэння. Не скарымся перад культурай адчужэння”.

У красавіку 2018 г. Папа двойчы заклікаў бараніць права на жыццё, канкрэтным чынам узгадваючы Вэнсана Ламбэра і двухгадовага Алфі Эванса – англійскага хлопчыка з цяжкім захворваннем, якога пазней адключылі ад сістэмы жыццезабеспячэння, пасля чаго ён памёр.

У сувязі з сітуацыяй Ламбэра, у маі 2019 г. была абнародавана сумесная заява кардынала Кэвіна Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі па справах свецкіх сям’і і жыцця, і арцыбіскуп Вінчэнца Пальі, старшыні Папскай акадэміі жыцця і Вялікага Канцлера Папскага тэалагічнага інстытута імя Яна Паўла ІІ па даследаванні сужэнства і сям’і. У дакуменце падкрэслівалася, што прыпыненне харчавання і гідратацыі з’яўляецца сур’ёзным насіллем над годнасцю асобы.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 ліпеня 2019, 08:23