Пошук

1566990425893.jpg

Францішак: хворыя – прывілеяваныя асобы для Касцёла

У ранах хворых, у саміх хваробах, што перашкаджаюць рухацца наперад, заўсёды прысутны Езус, Які заклікае нас клапаціцца пра такіх асоб, сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 28 жніўня 2019 г. у Ватыкане.

Чарговую катэхезу, натхнёную зместам Кнігі Дзеяў Апосталаў, Святы Айцец прысвяціў вобразу Касцёла як “палявога шпіталя”, які павінен даваць прытулак хворым і слабым і, на ўзор Апосталаў, прысвячаць сябе клопату аб найбольш уразлівых асобах.

Пантыфік заўважыў, што “касцёльная супольнасць, апісаная ў Кнізе Дзеяў Апосталаў, жыве вялікім багаццем, якое пакінуў ім Пан, (…) зазнае колькасны рост і вялікі ўздым, нягледзячы на знешнія атакі”. “Каб прадэманстраваць гэтую жыццяздольнасць, Лука (…) настойвае на знаках і цудах, што суправаджаюць словы Апосталаў, і на асаблівым доглядзе за хворымі, якім яны сябе прысвячаюць”, - звярнуў увагу Папа.

“У пятай главе Кнігі Дзеяў Апосталаў Касцёл, які зараджаецца, паказваецца як “палявы шпіталь”, што прымае найбольш слабых, хворых людзей. Іх пакуты прыцягваюць Апосталаў, якія не маюць ні срэбра, ні золата (пар. Дз 3, 6) – так кажа Пётр кульгаваму ад нараджэння, – але застаюцца моцнымі ў імя Езуса. У іх вачах, як і ў вачах хрысціян усіх часоў, хворыя з’яўляюцца прывілеяванымі атрымальнікамі радаснай весткі пра Валадарства, братамі, у якіх Езус прысутны асаблівым чынам, каб дазволіць усім нам шукаць і знаходзіць Яго (пар. Мц 25, 36. 40)", - адзначыў ён.

“[Хворыя – прывілеяваныя асобы для Касцёла, для святарскага сэрца, для ўсіх вернікаў. Іх нельга адкідаць. Наадварот, трэба іх лячыць, даглядаць: яны з’яўляюцца аб’ектам хрысціянскага клопату]”

, - сказаў Францішак.

Па словах Пантыфіка, сярод Апосталаў вылучаецца Пётр: гэта ён адкрывае шлях для керыгмы (kerygma – Добрая Навіна) у дзень Пяцідзясятніцы (пар. Дз 2, 14-41); ён бярэ на сябе слабасці і хваробы іншых людзей, як рабіў Езус, аднак пры гэтым “дазваляе Іншаму выявіць сябе: каб Хрыстус быў жывым і дзейсным!”. “Сведка – гэта той, хто аб’яўляе Хрыста, як словамі, так і сваёй фізічнай прысутнасцю, што дазваляе яму ўваходзіць у зносіны і быць працягам Слова, уцелаўлёнага ў гісторыі”, - дадаў Папа.

“Пётр – гэта той, хто робіць справы Настаўніка (пар. Ян 14, 12): гледзячы на яго з верай, можна ўбачыць самога Хрыста. Напоўнены Духам свайго Пана, Пётр праходзіць і нават нічога не робіць, але яго цень становіцца “ласкай”, аздараўленнем, перадачай здароўя, праліццём пяшчоты Уваскрослага, які нахіляецца да хворых і вяртае жыццё, збаўленне, годнасць. Такім чынам, Бог выяўляе сваю блізкасць і чыніць з ранаў сваіх дзяцей “тэалагічнае месца сваёй пяшчоты”, - звярнуў увагу ён.

“[У ранах хворых людзей, у хваробах, якія становяцца перашкодай, каб рухацца наперад па жыцці, заўсёды прысутны Езус, раны Езуса. Ёсць Езус, Які заклікае кожнага з нас даглядаць за імі, падтрымліваць, лячыць]”

, - працягнуў Францішак.

Каментуючы змест Кнігі Дзеяў Апосталаў, Папа заўважыў, што аздараўленчая дзейнасць Пятра выклікала нянавісць і зайздрасць сярод садукеяў, якія спачатку зняволілі Апосталаў, а потым, уражаныя іх таямнічым вызваленнем, забаранілі ім навучаць.

“Сэрца садукеяў было такім жорсткім, што яны не хацелі верыць у тое, што бачылі. Тады Пётр адказаў, прапанаваўшы ключ хрысціянскага жыцця: “Трэба слухацца Бога больш, чым людзей” (Дз 5, 29). (…) Гэта азначае слухаць Бога без агаворак, без адтэрміновак, без падлікаў; далучыцца да Яго, каб стаць здольнымі ўваходзіць у саюз з Ім і з кожным, каго сустракаем на сваім шляху”, - адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік заахвоціў вернікаў прасіць Духа Святога аб моцы, каб не баяцца тых, “хто загадвае маўчаць, хто ўзводзіць на нас паклёп і нават робіць замахі на нашае жыццё”. “Давайце прасіць Яго аб духоўнай падтрымцы, заставацца ўпэўненымі ў любячай і суцяшальнай прысутнасці Пана побач з намі”, - заклікаў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 жніўня 2019, 13:12