Пошук

1565163128496.JPG

Папа: крывадушнасць – найгоршы вораг хрысціянскай любові

Сапраўднае навяртанне забывае пра ўласныя інтарэсы: гэта шчодрасць і дапамога слабым і бедным, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 21 жніўня 2019 г. у Ватыкане.

Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных разважанню над зместам Кнігі Дзеяў Апосталаў, і засяродзіўся на тэме супольнасці, на здольнасці “рабіць агульным”, “дзяліцца”, што павінна адрозніваць хрысціян.

“Касцёл заўсёды характарызаваўся гэтым жэстам хрысціян, што адмаўляліся ад рэчаў, якія былі лішкам, не былі патрэбныя, каб даць іх тым, хто меў у іх патрэбу. І гэта не толькі грошы: гэта яшчэ і час. Колькі хрысціян – вы, напрыклад, тут, у Італіі – колькі хрысціян працуюць валанцёрамі! Гэта цудоўна! Гэта супольнасць: дзяліцца ўласным часам з іншымі, каб дапамагчы тым, хто гэтага патрабуе”, - адзначыў Пантыфік.

Такім чынам, супольнасць, па словах Папы, становіцца новай формай стасункаў паміж вучнямі Езуса, і яе асновай з’яўляецца ўзаемная любоў: не любоў на словах, не прытворная любоў, але любоў ва ўчынках, у дапамозе адзін аднаму, канкрэтная любоў, дадаў Францішак. Хрысціянін не можа заставацца абыякавым да праблем, з якімі сутыкаюцца яго бліжнія. 

“[Быць хрысціянамі – значыць быць адказнымі адзін за аднаго, падтрымліваць малітвай і справамі.]”

“Вось што значыць быць хрысціянінам. Таму моцныя падтрымліваюць слабых (пар. Рым 15, 1) і ніхто не зазнае галечы, якая прыніжае і скажае чалавечую годнасць, бо яны жывуць у гэтай супольнасці: маюць адзінае сэрца. Любяць адзін аднаго. Вось паказчык: канкрэтная любоў”, - сказаў Святы Айцец.

Канкрэтным прыкладам дзялення і адзінства Папа назваў сведчанне Барнабы: ён “прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў” (Дз 4, 37). Адмоўным жа прыкладам могуць служыць паводзіны Ананіі і яго жонкі Сапфіры, якія ўтаілі частку сродкаў, атрыманых ад продажу набытку, і толькі рэшту аддалі Апосталам.

“[Гэтае махлярства разарвала ланцуг дармовага дзялення, спакойнага, бескарыслівага дзялення, і яго наступствы былі трагічныя, фатальныя]”

, - нагадаў Папа.

На яго думку, “крывадушнасць – найгоршы вораг хрысціянскай супольнасці, хрысціянскай любові: яна робіць выгляд, нібы любіць, аднак шукае толькі ўласнай выгады”.

“Губляць шчырасць дзялення або страчваць шчырасць любові – значыць культываваць крывадушнасць, аддаляцца ад праўды, станавіцца эгаістамі, гасіць агонь адзінства і прызначаць сябе на холад унутранай смерці. Хто так сябе паводзіць, праходзіць праз Касцёл транзітам, нібы турыст. У Касцёле шмат турыстаў, якія праходзяць побач, але ніколі не ўваходзяць у Касцёл: гэта духоўны турызм, які прымушае іх верыць у тое, што яны з’яўляюцца хрысціянамі, у той час як яны ўсяго толькі турысты ў катакомбах. Жыццё, заснаванае выключна на атрыманні поспеху і выгады з сітуацый, на шкоду іншым, непазбежна вядзе да духоўнай смерці. Колькі людзей называюць сябе блізкімі да Касцёла, сябрамі святароў, біскупаў, а насамрэч дбаюць аб уласных інтарэсах. Гэта крывадушнасць, якая разбурае Касцёл!” – перасцярог Францішак.

Напрыканцы аўдыенцыі Папа ўзнёс малітву да Бога, просячы аб спасланні Духа Святога любові, “якая перамагае любую крывадушнасць і ставіць у цэнтры тую праўду, што жывіць хрысціянскую салідарнасць”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 жніўня 2019, 14:45