Францішак распачаў сваю пілігрымку ў Афрыку
У 8.04 Самалёт Airbus 330 італьянскай Alitalia з Папам на борце вылецеў з аэрапорта Ф’юмічына ў Мапуту. У рамках свайго 31-га замежнага падарожжа Святы Айцец, апрача Мазамбіка, наведае 7-8 верасня Мадагаскар, і 9 верасня – Маўрыкій.
Падчас дзесяцігадзіннага падарожжа самалёт пераадолее 7836 км і праляціць над Італіяй, Грэцыяй, Егіптам, Суданам, Паўднёвым Суданам, Угандай, Танзаніяй, Малаві і Замбіяй.
Францішак – гэта чацвёрты Пантыфік, які карыстаецца паслугамі Alitalia, і цяперашняя паездка ў Афрыку – 177 папскі рэйс італьянскай авіякампаніі. Экіпаж самалёта звычайна складаецца з чатырох пілотаў і дзевяці сцюардэс і сцюардаў. Камандзірам сённяшняга рэйсу з’яўляецца 57-гадовы Альберта Калауці, былы пілот верталёта ВМФ. З 1964 года – ад візіту Паўла VI у Святую Зямлю, Alitalia займаецца папскімі паездкамі па-за межамі Італіі.
Папу чакаюць у аэрапорце Мапуту ў 18.30. Там адбудзецца цырымонія прывітання, на якой будзе прысутнічаць Прэзідэнт Рэспублікі Філіпэ Джасінта Ньюсі са сваёй жонкай, Апостальскі нунцый у краіне, арцыбіскуп П’ержоржа Бертольдзі, і арцыбіскуп Мапуту Франсішку Шымоё.
З аэрапорта Папа адправіцца начаваць у будынак Апостальскай нунцыятуры ў Мапуту, які стане яго рэзідэнцыяй падчас знаходжання ў Мазамбіку.
На наступны дзень, 5 верасня, Францішак здзейсніць візіт ветлівасці да Прэзідэнта краіны, сустрэнецца з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, а ў павільёне Maxaquene адбудзецца міжрэлігійная сустрэча з моладдзю. Пасля абеду Папа сустрэнецца з біскупамі, святарамі, манахамі, семінарыстамі, катэхетамі і аніматарамі ў архікатэдры і наведае з прыватным візітам Дом “Мацвей 25”.
6 верасня Пантыфік паедзе ў адну з бальніц сталіцы, а затым адправіць св. Імшу на стадыёне. У другой палове дня ён вылеціць з аэрапорта Мапуту ў сталіцу Мадагаскара Антананарыва.
Насельніцтва Мазамбіка перавышае 27 мільёнаў. Тут налічваецца каля 7,6 мільёна католікаў.
Гэта чацвёрты Апостальскі візіт Францішка ў Афрыку пасля паездак у Марока (у сакавіку 2019 г.), у Егіпет (у красавіку 2017 г.), Кенію, Уганду, Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку (у лістападзе 2015 г.).
Мазамбік, Мадагаскар і Маўрыкій наведаў Ян Павел II. Першую краіну – у верасні 1988 г., дзве іншыя – у красавіку і кастрычніку 1989 г.