Францішак у Антананарыву: зрабіць Бога цэнтрам і воссю жыцця
Спасылаючыся на евангельскі ўрывак, Францішак адзначыў, што “падарожжа за Езусам – гэта не адпачынак”, але абавязацельства. Аднак ахвяры, звязаныя з гэтым, маюць сэнс “у святле радасці і свята сустрэчы з Езусам Хрыстом”.
Першае патрабаванне звязана з сямейнымі адносінамі. Калі сваяцтва становіцца вырашальным для ўсяго, у канчатковым выніку мы прыходзім да апраўдання пэўных практык, якія вядуць да культуры прывілеяў і выключэння – кумаўство, пратэкцыя і карупцыя. Настаўнік кажа нам: той, хто не можа ўспрымаць іншага як брата, незалежна ад яго сямейнага, культурнага ці сацыяльнага паходжання, не можа быць маім вучнем, - звярнуў увагу Папа.
Другое патрабаванне дэманструе цяжкасці, звязаныя з наследаваннем Пана, калі мы атаясамліваем Нябеснае Валадарства з нашымі асабістымі інтарэсамі або захапляемся нейкай ідэалогіяй, што вядзе да выкарыстання імя Бога або рэлігіі для апраўдання насілля, - адзначыў Пантыфік. Хрыстус заклікае нас “не маніпуляваць Евангеллем пры дапамозе змрочнага рэдукцыянізму, але будаваць гісторыю ў братэрстве і салідарнасці, у бескарыслівай павазе да зямлі і яе дароў, супраць усіх форм эксплуатацыі”, абіраючы шлях дыялогу і складаючы кодэкс паводзін для ўзаемнага супрацоўніцтва, - заўважыў Францішак.
Трэцяе патрабаванне – гэта адмова ад пераканання, што “ўсё адбываецца дзякуючы выключна нашым сілам і таму, чым валодаем”. Трэба разумець, што “наша жыццё і нашыя здольнасці – не столькі плён асабістай перамогі, колькі дар” Бога і людзей, чые імёны мы пазнаем толькі тады, калі аб’явіцца Валадарства Нябеснае”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Патрабаванні Хрыста дазваляюць перамагчы спакусу зачыніцца ў нашым маленькім свеце, у якім не застаецца месца для іншых: бедныя сюды не ўвойдуць, голас Божы ўжо не чуецца, больш няма асалоды ад радасці Яго любові, няма энтузіязму рабіць дабро... Шмат людзей, калі яны зачыняюцца, могуць адчуваць сябе ілюзорна ў бяспецы, але ў рэшце рэшт ператвараюцца ў раздражняльных, наракаючых, нежывых. Не гэта Божае жаданне для нас, не гэта жыццё ў Духу, народжанае ад сэрца ўваскрослага Хрыста, - папярэдзіў Святы Айцец.
Праз свае патрабаванні Езус заклікае нас “зрабіць Бога цэнтрам і воссю нашага жыцця”. “Давайце паглядзім на свет вакол нас: колькі мужчын і колькі жанчын, моладзі, дзяцей пакутуюць і цалкам пазбаўленыя ўсяго! Гэта не адпавядае Божаму плану. Наколькі ж актуальны заклік Езуса памерці для нашай замкнёнасці, для нашага індывідуалізму і пыхі, каб перамог дух братэрства – зыходзячы з адкрытага боку Езуса Хрыста, ад Якога мы нарадзіліся як сям’я Божая – і дзе кожны можа адчуць сябе любімым, таму што яго разумеюць, прымаюць і шануюць у яго годнасці. Ва ўмовах парушэння чалавечай годнасці мы часта застаёмся са складзенымі рукамі або апускаем рукі, бяссільныя супраць цёмнай сілы зла. Але хрысціянін не можа абыякава стаяць са складзенымі рукамі або фаталістычна заставацца з апушчанымі рукамі. Вернік працягвае руку, як гэта робіць Езус”, - падкрэсліў у сваёй гаміліі ў сталіцы Мадагаскару Францішак.