Францішак: традыцыя – гарантыя будучыні
12 верасня 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палацу членаў Ордэна Аўгустыніянаў Босых. Нагодай для сустрэчы стаў генеральны капітул гэтай манаскай супольнасці, які праходзіць у Рыме.
Папа назваў св. Аўгустына “гігантам хрысціянскай думкі”, які не закрыўся ў даляглядзе свайго розуму, але “застаўся адкрытым на Божы народ і братоў, якія падзялялі з ім жыццё ў супольнасці”. Пантыфік заклікаў аўгустыніянаў наследаваць прыклад свайго заснавальніка, чэрпаючы з малітвы і распазнання “жыццядайныя сокі для прысутнасці ў Касцёле і свеце”.
“Некаторыя думаюць, што для таго, каб быць сучаснымі, трэба адарвацца ад каранёў, але гэта з’яўляецца крахам, бо карані, традыцыя – гэта гарантыя будучыні”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Паводле Францішка, малітва і пакаянне не перастаюць быць галоўнымі стаўпамі, на якіх трымаецца хрысціянскае сведчанне. Гэта сведчанне ў некаторых кантэкстах павінна ісці супраць плыні, суправаджацца пакорай і міласэрнай любоўю, быць здольным прамаўляць да сэрцаў людзей нашага часу, падкрэсліў Папа.