Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для членаў Супольнасці Эмануэль Папа падчас аўдыенцыі для членаў Супольнасці Эмануэль  

Францішак: трываць у блізкасці з Хрыстом і братамі

Прыярытэтны шлях – блізкасць з Хрыстом і братамі, якія перажываюць цяжкасці, падкрэсліў Пантыфік падчас аўдыенцыі для членаў італьянскай “Comunità Emmanuel” (Супольнасці Эмануэль).

Сустрэча адбылася 26 верасня 2019 г. у Ватыкане з нагоды 40-годдзя дзейнасці каталіцкага дабрачыннага аб’яднання. Яго праца ахоплівае дапамогу сям’ям, інвалідам, нарказалежным, праекты ў галіне супрацоўніцтва і сацыяльнай адказнасці, дапамогу мігрантам і служэнне ў Касцёле.

Пантыфік падзякаваў сваім гасцям за паслядоўнасць у жыцці і дзейнасці, якая ўмацоўваецца “жыватворчымі сокамі Божага слова, рэкалекцыямі і братэрствам”. “Гэта важна, бо ў адваротным выпадку можна ператварыцца ў дабрачынную арганізацыю ці фірму”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец нагадаў, што часта Пан грукае ў дзверы ў абліччы ўразлівых людзей, якія жывуць у стане беднасці, адзіноты, няволі. Па гэтай прычыне вельмі важным аспектам дзейнасці каталіцкага дабрачыннага аб’яднання павінна быць гасціннасць і адкрытасць.

Францішак заўважыў, што менавіта Бог адорвае любоўю, патрэбнай для таго, каб служыць братам са спагадай, блізкасцю, бескарыслівасцю. Усведамленне гэтага дапамагае трываць ва ўдзячнасці і праслаўленні, лічыць справу не сваёй, а, у першую чаргу, Божай.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей заўсёды заставацца ў блізкасці з Хрыстом і братамі, якія перажываюць цяжкасці. “Гэта шлях, які ўказвае сама назва вашай супольнасці: Эмануэль – Бог з намі”, - заўважыў Святы Айцец падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дабрачыннага аб’яднання.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 верасня 2019, 13:32