Набажэнствы з удзелам Папы ў бліжэйшыя месяцы
У нядзелю 29 верасня на плошчы св. Пятра Пантыфік узначаліць цэнтральную Эўхарыстыю 105-га Сусветнага дня мігранта і бежанца. “Гаворка ідзе не толькі пра мігрантаў” – так гучыць яго тэма сёлета.
1 кастрычніка Папа правядзе ўрачыстыя Нешпары на распачацце Надзвычайнага місійнага месяца, у стагоддзе апублікавання Апостальскага ліста “Maximum illud” папы Бэнэдыкта XV. Таксама 20 кастрычніка, у 93-ці Сусветны дзень місій, Пантыфік адправіць у ватыканскай базыліцы св. Імшу.
4 кастрычніка Святы Айцец узначаліць біскупскае пасвячэнне, а на наступны дзень – звычайны кансісторый, ужо шосты падчас яго пантыфікату, па ўзвядзенні ў кардынальскую годнасць трынаццаці іерархаў.
Галоўнай ватыканскай падзеяй кастрычніка стане Сінод Біскупаў, прысвечаны Амазоніі, на тэму: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”. 6 кастычніка ў базыліцы св. Пятра Францішак будзе цэлебраваць урачыстую Эўхарыстыю на распачацце нарады, а 27 кастрычніка, з нагоды яе завяршэння.
13 кастрычніка на галоўнай ватыканскай плошчы Папа ўзначаліць кананізацыйную св. Імшу, падчас якой да хвалы алтароў будуць узнесены шэсць благаслаўлёных, сярод якіх, кардынал Генры Ньюман.