Пошук

Папа падчас візіту на тэрыторыі, якія пацярпелі ад землятрусу Папа падчас візіту на тэрыторыі, якія пацярпелі ад землятрусу 

Пантыфік: будаваць новую гісторыю, памятаючы пра мінулае

“Захоўваць успаміны – не значыць жывіць настальгію па тым, што было, не значыць замыкацца ў смутку і страху. У жыцці, якое працягваецца, побач з тугой ёсць надзея на будучыню”, - нагадаў Папа.

Францішак напісаў прадмову да кнігі журналіста газеты “L’Osservatore Romano”, Марчэла Філатэі, “Апошняе лета. Успаміны пра свет, якога больш няма” (L'ultima estate. Memorie di un mondo che non c'è più). 27 верасня 2019 г. яна была прадстаўлена ў Ватыкане.

Выданне ўтрымлівае сведчанне пра землятрус у цэнтральнай частцы Італіі, які здарыўся ў жніўні 2016 г. Аўтар кнігі распавядае пра разбурэнне горнага мястэчка Пескара-дэль-Тронта, дзе, пад руінамі ўласнага дома, загінулі яго бацькі.

Святы Айцец нагадаў, што наведаў пацярпелы італьянскі рэгіён праз некалькі тыдня пасля трагедыі, убачыўшы “спустошанасць і разгубленасць шматлікіх братоў і сясцёр”, якія “за адну ноч убачылі як месца вясёлага адпачынку многіх пакаленняў ператварылася ў маўклівую кучу развалін”.

Папа адзначыў важнасць сведчання аўтара кнігі. “Асабістыя гісторыі заўсёды накладаюцца на большыя, калектыўныя, часткай якіх з’яўляюцца. Заўжды і паўсюль асабістыя ўспаміны пераплятаюцца з агульнымі падзеямі”, - падкрэсліў ён.

Францішак нагадаў, што побач з настальгіяй па мінулым важна захоўваць надзею на будучыню. “Трэба памятаць, каб не губляць уласныя карані. Не дазваляць, каб яны таксама сталі развалінамі. Будаваць новую гісторыю, не забываючы пра мінулую”, - заклікаў Пантыфік.

“Жадаю, каб і гэты аповед дапамог усім нам захоўваць моцнай лучнасць, якая нас аб’ядноўвае, і ўвагу да тых, хто яшчэ сёння, у Пескара-дэль-Тронта, як і ў іншых зонах, пацярпеў ад трагічных падзей 2016 г.; хто пакутуе і застаецца ў часовых структурах, але не пакідае сваіх каранёў; хто быў вымушаны пераехаць далёка і распачаць усё спачатку, згубіўшы дом, працу, а ў многіх выпадках блізкіх і сяброў”, - напісаў Святы Айцец.

“Малюся, каб Дух Суцяшыцель, намасціў параненыя ўспаміны алеем надзеі і напоўніў людзей верай у тое, што яны не самотныя. Пан запрашае нас памятаць, выпраўляць і адбудоўваць не толькі будынкі, і рабіць гэта разам”, - закончыў сваю прадмову да кнігі Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 верасня 2019, 12:31