Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: еднасць паміж вернікамі – закваска братэрства народаў

“Неабходна заўсёды маліцца і весці дыялог аб міры: гэта прынясе плёны!”, - запэўніў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў сустрэчы “Мір без межаў”, якая праходзіць у Мадрыдзе.

Святы Айцец спаслаўся на 30-годдзе падзення Берлінскай сцяны – сімвала “падзелу кантынента, які прынёс шмат пакут”. Наступленне гэтага моманту прыспешыла малітва аб міры, які “з пакалення ў пакаленне павінен умацоўвацца дыялогам, сустрэчай і перамовамі”, зазначыў ён.

Пантыфік перакананы, што дзеля дабра народаў і свету немагчыма закрываць тэрыторыі, раздзяляць ці супрацьпастаўляць народы, адмаўляць у гасціннасці тым, хто гэтага патрабуе. Трэба мець расчыненыя дзверы, камунікаваць і сустракацца, паважаць адметнасці і ўмацоўваць адказнасць адно за аднаго. Мір “не мае межаў. Заўсёды, без выключэнняў”, нагадаў Святы Айцец.

Лагатып мадрыдскай малітоўнай сустрэчы ў інтэнцыі міру
Лагатып мадрыдскай малітоўнай сустрэчы ў інтэнцыі міру

Францішак асаблівым чынам адзначыў важнасць супольнай малітвы ў інтэнцыі міру. “Малітва за мір, у гэты час, пазначаны шматлікімі канфліктамі і насіллем, нягледзячы на адметнасці яшчэ больш яднае ўсіх нас у супольнай працы на карысць больш братэрскага свету”, - напісаў Папа. “Братэрства паміж вернікамі, акрамя таго, што з’яўляецца супрацьяддзем ад варожасці і войнаў, гэта закваска братэрства паміж народамі”, - дадаў ён.

Напрыканцы паслання Святы Айцец нагадаў, што пачынаць разбурэнне муроў трэба з уласнага сэрца. Менавіта ў сэрцах павінны быць пасеяны памкненні міру і братэрства, перакананы Францішак.

Малітоўная сустрэча “Мір без межаў” праходзіць 15-17 верасня 2019 г. па ініцыятыве каталіцкай дабрачыннай Супольнасці св. Эгідзія. Ініцыятыва зарадзілася ў 1986 г. і праводзіцца штогадова ў розных гарадах Еўропы.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 верасня 2019, 10:37