Пошук

1569062224022.JPG

Пантыфік: мірскія крытэрыі поспеху – не для Касцёла

Трэба штосьці рабіць, калі Касцёл пачынае ўспрымацца мірскім, падпарадкаваным свецкім крытэрыям поспеху, забывае, што існуе не для таго, каб абвяшчаць самога сябе, але Езуса, - упэўнены Папа.

Раніцай 21 верасня 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі на тэму новых шляхоў евангелізацыі, на якой сабраліся прадстаўнікі акадэмічных колаў, каталіцкіх рухаў і асацыяцый, даследчыкі, тэолагі і філосафы. Ініцыятарам форуму выступіла Папская рада па новай евангелізацыі.

Звяртаючыся да прысутных, Пантыфік заўважыў, што сёння вельмі многія людзі нагадваюць тых вучняў Хрыста, якія, сустрэўшы Езуса ў дзень Яго Уваскрасення па дарозе ў Эмаус, не распазналі Яго (пар. Лк 24, 13-27). Папа з сумам прызнаў, што для сучаснага чалавека Касцёл часта становіцца “халодным напамінам”, “пякучым расчараваннем”, нечым далёкім ад людскіх патрэб, няздольным зразумець.

“[Касцёл, заклапочаны абаронай свайго добрага імя, якому цяжка адмовіцца ад таго, што не з’яўляецца сутнасным, больш не адчувае запалу прапаведаваць Евангелле ў сучасным свеце. І ператвараецца, хутчэй, у прыгожы музейны экспанат, чым у просты і святочны Дом Айца]”

, - перасцярог Святы Айцец.

Ён заклікаў прысутных зважаць на тое, як шмат навокал братоў і сясцёр, якія заглушаюць душэўны боль выгодамі і знешнім дабрабытам, павярхоўнымі задавальненнямі, бясконцай спешкай. Яны “забыліся смак жыцця”: “прыгажосць вялікай і моцнай сям’і”, “бляск дзіцячых вачэй, якога не можа даць ніводзін смартфон”, “радасць простых рэчаў”, “супакой, які дорыць малітва”.

Яны чакаюць ад Касцёла прыняцця сябе такімі, якімі ёсць, яны шукаюць у ім любові, супакою для сэрца і радасці, больш трывалай за часовыя забавы, - сказаў Францішак. Ён дадаў, што трэба выходзіць насустрач сваім сучаснікам, каб даць ім зазнаць Божую любоў.

“Несці іншым Бога – не значыць казаць пра Бога, даказваць Яго існаванне: нават д’ябал ведае, што Бог існуе! Абвяшчаць Пана – значыць праяўляць радасць ад ведання Яго, дапамагаць перажываць прыгажосць сустрэчы з Ім. Бог – не адказ на інтэлектуальную цікаўнасць (...), але вопыт любові, пакліканы стаць гісторыяй любові, таму што, сустрэўшы Яго аднойчы, трэба шукаць Яго зноў і зноў. Таямніца Бога невычэрпная, яна бясконцая як Яго любоў”, - адзначыў Святы Айцец.

Нарэшце, Папа нагадаў прысутным, што ўзрастаць у веры, якая нараджаецца і адраджаецца ў сустрэчы з Езусам, дапамагае ўсё тое, што ўвасабляе сустрэчу: блізкасць да людзей у патрэбе, будаўніцтва мастоў, служэнне тым, хто пакутуе, клопат пра бедных, суцяшэнне прыгнечаных, благаслаўленне непрыяцеляў... “Толькі так можна стаць жывым знакам Любові, якую абвяшчаем”, - сказаў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 верасня 2019, 14:27