Пошук

Падчас аўдыенцыі для членаў Таварыства па вывучэнні кананічнага права Усходніх Цэркваў Падчас аўдыенцыі для членаў Таварыства па вывучэнні кананічнага права Усходніх Цэркваў 

Пантыфік пра ўзаемасувязь экуменізму і кананічнага права

Гасцямі Папы 19 верасня 2019 г. сталі касцёльныя юрысты – члены Таварыства па вывучэнні кананічнага права Усходніх Цэркваў, якое адзначае сёлета 50-годдзе з дня заснавання.

Францішак заўважыў, што ў працы Таварыства ўдзельнічаюць не толькі католікі, але і праваслаўныя, што “нясе фундаментальную дапамогу экуменічнаму дыялогу”. “Мы шмат можам даведацца адно аб адным ва ўсіх сферах касцёльнага жыцця: тэалогіі, духоўнасці і літургіі, душпастырскай дзейнасці і, безумоўна, кананічным праве”, - адзначыў ён. Пантыфік дадаў, што экуменічны дыялог мае выразнае кананічнае вымярэнне, “паколькі эклезіялогія знаходзіць сваё выяўленне ў інстытутах і законах Цэркваў”. Але і наадварот, “экуменічны дыялог таксама ўзбагачае кананічнае права”.

На думку Папы, менавіта сінадальнасць у кантэксце інстытутаў і працэдур Касцёла “выражае экуменічнае вымярэнне кананічнага права”. “Спосаб, якім Каталіцкі Касцёл перажывае сінадальнасць, важны для яго адносін з іншымі хрысціянамі. Гэта выклік экуменізму”, - заўважыў Францішак. Ён лічыць, што “абавязацельства будаваць сінадальны Касцёл – гэта місія, да якой пакліканы ўсе” і якая “мае значныя экуменічныя наступствы”.

“Зыходзячы з агульнай кананічнай спадчыны першага тысячагоддзя, цяперашні тэалагічны дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой з’яўляецца пошукам менавіта агульнага разумення прымату і сінадальнасці і іх узаемасувязі ў служэнні еднасці Касцёла”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

На думку Францішка, дзейнасць Таварыства нясе вялікую дапамогу не толькі ў развіцці кананічнага права, але і ў набліжэнні да выканання малітвы Хрыста: “Каб усе былі адно, (…) каб паверыў свет” (Ян 17, 21).

Навіна ў фармаце аўдыё
19 верасня 2019, 13:45