Пошук

Раставанне леднікоў. Ілюстрацыйнае фота Раставанне леднікоў. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: прыйшоў час, каб распачаць прароцкія экалагічныя справы

Настаў час, каб паразважаць над нашым ладам жыцця і над тым, наколькі неабдуманым і згубным бывае наш штодзённы выбар адносна выкарыстання зямных рэсурсаў, - упэўнены Францішак.

1 верасня 2019 г., у 5-ы Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, Святы Айцец скіраваў сваё адмысловае пасланне. На пачатку ён працытаваў Кнігу Быцця: “І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым” (Быц 1, 25).

“Усё – любае ў вачах Бога”, - заўважыў Францішак, і падорана нам “як каштоўны дар, які трэба ахоўваць”. На жаль, людскія “эгаізм і карыслівасць зрабілі са стварэння – месца сустрэчы і дзялення – тэатр саперніцтва і сутычак”.

Па словах Святога Айца, заняпад прыроды стаў асабліва заўважным у апошнія гады: пастаяннае забруджванне, бесперапыннае выкарыстанне выкапнёвага паліва, злоўжыванне інтэнсіўным спосабам вядзення сельскай гаспадаркі, вырубка лясоў вядуць да глабальнага пацяплення, пачашчэння і павелічэння інтэнсіўнасці экстрэмальных атмасферных феноменаў, да апустыньвання. Як вынік – “раставанне леднікоў, недахоп пітной вады, неахайнасць вадасховішчаў і істотная наяўнасць пластыку ў акіянах”, ад чаго пакутуюць, у першую чаргу, найбольш уразлівыя асобы.

“[Мы прывялі клімат у аварыйны стан, што сур’ёзна пагражае прыродзе і жыццю, у тым ліку нашаму. (…) Прыйшоў час нанова адкрыць нашае пакліканне дзяцей Божых, братоў паміж сабой, ахоўнікаў стварэння. Прыйшоў час для пакаяння і навяртання, для вяртання да каранёў]”

, - сцвердзіў Францішак.

Пантыфік заахвоціў усіх вернікаў і людзей добрай волі да малітвы аб навакольным асяроддзі, асабліва ў перыяд з 1 верасня па 4 кастрычніка, калі будзе трываць экуменічная экалагічная малітоўная ініцыятыва “Час стварэння”.

“Гэта час, каб ізноў прызвычаіцца маліцца, паглыбіўшыся ў прыроду, дзе нараджаецца спантанная ўдзячнасць Богу-Стварыцелю. (…) Гэта час, каб распачаць прароцкія справы. Многія маладыя людзі ўздымаюць голас ва ўсім свеце, заклікаючы да адважнага выбару. Яны расчараваныя шматлікімі нявыкананымі абяцаннямі. (…) Мы павінны даць ім праўдзівыя адказы, а не пустыя словы; учынкі, а не ілюзіі”, - сказаў Францішак.

Папа заклікаў “выбіраць жыццё” і “адмаўляцца ад ненасытнасці спажывальніцтва і прэтэнзій на ўсёмагутнасць”; пазбаўляцца залежнасці ад выкапнёвага паліва і пераходзіць на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, пашыраць устойлівую эканоміку.

Францішак прызнаўся, што ў пошуку адказаў “на крык бедных і Зямлі” ўскладае вялікія спадзяванні на хуткую ААН-аўскую сустрэчу кіраўнікоў краін па кліматычным пытанні і на Сінод Біскупаў па Амазоніі ў кастрычніку 2019 г.

“Кожны хрысціянін, кожны член чалавечай сям’і можа зрабіць свой унёсак у пляценне – нібы тонкай, але ўнікальнай і жыццёва важнай ніткі – сеткі жыцця, якая ахоплівае ўсіх. Давайце адчуваць сваё дачыненне і адказнасць за тое, каб браць да сэрца, ставіцца з малітвай і руплівасцю да клопату пра стварэнне. Няхай Бог, “Пан, які любіць жыццё” (пар. Мдр 11, 26), дае нам мужнасць, каб чыніць дабро, не чакаючы, што пачнуць іншыя, не чакаючы, пакуль стане занадта позна”, - пажадаў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 верасня 2019, 11:37