Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа з спантанным візітам у сядзібе дабрачыннай супольнасці

Францішак нечакана наведаў сядзібу італьянскай супольнасці “Nuovi Orizzonti” ў горадзе Фразінонэ. Візіт не быў прадугледжаны афіцыйнай праграмай папскіх мерапрыемстваў.

Раніцай 24 верасня 2019 г. Францішак у суправаджэнні сусветнавядомага італьянскага опернага спевака Андрэа Бачэлі з’явіўся ля брамы структуры “Cittadella Cielo” (Горад Неба), у якой атрымліваюць дапамогу людзі, што апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Аб планах візіту Пантыфіка ведалі ўсяго некалькі чалавек, але за кароткі час інфармацыя пра яго прысутнасць у Фразінонэ разляцелася па інтэрнэце, і каля дабрачыннага цэнтру сабралася вялікая колькасць вернікаў, у надзеі ўбачыць Наступніка св. Пятра.

Супольнасць “Nuovi Orizzonti” (Новыя гарызонты) была заснавана ў 1993 г. К’ярай Амірантэ. Сёння ў яе ўваходзяць каля 6 млн. чалавек, галоўным чынам свецкія вернікі. Праз цэнтры падтрымкі, дамы сямейнага тыпу, інтэграцыйныя структуры яны дапамагаюць людзям, якія сталі ахвярамі наркаманіі, азартных гульняў, прастытуцыі, сацыяльнай маргіналізацыі, былі пакінуты сям’ёй.

8 чэрвеня 2019 г. Францішак скіраваў ліст і спецыяльнае відэа-пасланне з нагоды 25-годдзя супольнасці і патэлефанаваў да ўдзельнікаў святкавання гэтай падзеі ў Фразінонэ, выказваючы сваю падтрымку і салідарнасць.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 верасня 2019, 14:48