Святы Айцец наведае з Апостальскім візітам Тайланд і Японію
Чарговы, 32-ы па ліку Апостальскі візіт за межы Італіі адбудзецца 19-26 лістапада 2019 г. па запрашэнні ўладаў і каталіцкіх епіскапатаў Тайланда і Японіі. Аб гэтым паведаміў 13 верасня 2019 г. кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Матэа Бруні.
Першым этапам падарожжа стане Тайланд, дзе Францішак будзе знаходзіцца з 20 па 23 лістапада 2019 г. Адтуль ён накіруецца ў Японію, падчас знаходжання ў якой, з 23 па 26 лістапада 2019 г., наведае Токіа, Хірасіму і Нагасакі. Афіцыйная праграма пілігрымкі ў краіны Азіі будзе апублікавана пазней.
Дэвізам падарожжа Папы ў Тайланд стануць словы: “Вучні Хрыста, вучні-місіянеры”. У цэнтры лагатыпа – фотаздымак Францішка, ніжэй – выява чоўна, які сімвалізуе евангелізацыю, з трыма парусамі, што нагадваюць пра Святую Тройцу. Лодку падтрымлівае стылізаваная выява рукі Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Нарэшце, крыж нібы заклікае Каталіцкі Касцёл Таіланда быць сведкам Добрай Навіны.
Раней Францішак ужо адзначаў рэлігійную, моўную і культурную разнастайнасць, якой характарызуецца Азія, і казаў пра адказнасць усяго Касцёла за адзінства каталіцкай веры, заклікаючы да пошукаў новых сродкаў і метадаў абвяшчэння Евангелля перад абліччам выклікаў сучаснасці.
Галоўнай тэмай падарожжа Францішка ў Японію стане ахова навакольнага асяроддзя. “Абараняць кожнае жыццё” – так гучыць дэвіз гэтай паездкі. Тры рознакаляровыя языкі полымя, адлюстраваныя на лагатыпе, сімвалізуюць: чырвоны – мучанікаў Каталіцкага Касцёла ў Японіі, блакітны – Беззаганную Дзеву Марыю, якая адбымае ўсё чалавецтва як сваіх дзяцей, зялёны – прыроду Японіі і адначасова місію абвяшчэння Евангелля надзеі. Чырвоны круг, у які заключана полымя, сімвалізуе любоў.
Упершыню Апостальскія візіты ў Японію і Тайланд ажыццявіў св. Ян Павел II – адпаведна ў 1981 г. і ў 1984 г.