Завяршыўся мазамбікскі этап пілігрымкі Францішка ў Афрыку
6 верасня 2019 г., напрыканцы св. Імшы на стадыёне “Зімпэту” ў Мапуту, Святы Айцец выказаў падзяку ўсім тым, хто зрабіў магчымым яго візіт у Мазамбік, асабліва душпастыру дыяцэзіі Мапуту, арцыбіскупу Франсішку Шымоё – “за братэрскую гасціннасць і радаснае прывітанне, якое пераказаў напрыканцы св. Імшы ад імя біскупаў і ўсяго народу Божага”, а таксама Прэзідэнту краіны Філіпэ Ньюсі – “за яго руплівую паслужлівасць, як на асабістым узроўні, так і праз разнастайныя ўрадавыя структуры і нацыянальныя сілы бяспекі”.
Сваю ўдзячнасць Папа выказаў членам арганізацыйнага камітэта і шматлікім валанцёрам – “за ахвярную і ціхую працу”, журналістам і ўсім, “хто выйшаў са сваіх дамоў, каб прывітаць” яго, а таксама кожнаму, хто хацеў, але па розных прычынах не змог удзельнічаць у сустрэчах і Эўхарыстыі з ім.
“Кажу ўсім вам: вы маеце шмат прычын для надзеі! Я гэта ўбачыў і адчуў на дотык у гэтыя дні. Калі ласка, захоўвайце надзею; не дазвольце, каб яе ў вас скралі! І няма лепшага спосабу захаваць надзею, чым застаючыся з’яднанымі, каб усе прычыны, якія яе падтрымліваюць, узмацніліся ў будучыні прымірэння і згоды ў Мазамбіку. Няхай Бог благаслаўляе вас, а Беззаганная Маці ахоўвае!”, - пажадаў Францішак жыхарам Мазамбіка.
Апоўдні, адразу пасля Эўхарыстыі, Пантыфік адправіўся ў аэрапорт Мапуту. Пад гукі гімна, у прысутнасці ганаровай варты, перад уваходам у Прэзідэнцкую залу аэрапорта яго сустракалі кіраўнік дзяржавы, біскупы Мазамбіка, урадавая і дыпламатычная дэлегацыі. Прэзідэнт Філіпэ Ньюсі суправадзіў Святога Айца да трапа самалёта, і, пасля апошніх слоў падзякі і развітання, Францішак падняўся на борт, каб вылецець на Мадагаскар. Пералёт будзе доўжыцца дзве з паловай гадзіны. У аэрапорце Антананарыву самалёт з Францішкам на борце чакаюць каля 16.30 па мясцовым часе.