Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак на заканчэнне Сінода: пачуць голас бедных

Быць здольнымі чуць голас бедных, які з’яўляецца голасам надзеі Касцёла, заклікаў Папа падчас св. Імшы, якую 27 кастрычніка 2019 г. цэлебраваў у Ватыкане.

Эўхарыстыя адбылася ў Базыліцы св. Пятра з нагоды заканчэння Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”. У гаміліі Папа спаслаўся на евангельскае апавяданне пра малітву фарысея і мытніка.

Францішак заўважыў, што фарысей дасканала прытрымліваўся рэлігійных прадпісанняў, але быў празмерна засяроджаны на сабе – не меў любові. “Нават самыя лепшыя рэчы не вартыя нічога без любові, як кажа св. Павел”, - нагадаў Святы Айцец.

Паводле Папы, засяроджанасць на сябе, самаўзвышэнне, вядзе да забыцця пра Бога і бліжняга, што і здарылася з евангельскім фарысеем. Людзі, якія паступаюць падобным чынам, нішчаць традыцыі народаў, іх гісторыю, захопліваюць іх землі і багацці, сказаў ён.

“Папросім у Бога аб ласцы, каб мы не лічылі сябе вышэйшымі за іншых, не лічылі сябе патрабуючымі дапамогі, каб не станавіліся цынічнымі і здзеклівымі. Папросім Езуса, каб вылечыў нас ад абгаворвання іншых і наракання на іх, ад пагарды да каго б там ні было: гэта рэчы, якія не падабаюцца Богу”, - папярэдзіў Папа.

Пантыфік заўважыў, што малітва чалавека, які лічыць сябе справядлівым, застаецца на зямлі, прыцягнутая гравітацыйнай сілай эгаізму, а малітва беднага чалавека ўзносіцца да Бога.

Францішак з жалем падкрэсліў, што часам у Касцёле, бедных не слухаюць, высмейваюць і прымушаюць маўчаць, бо іх галасы нязручныя. “Памолімся, каб мы былі здольнымі чуць бедных: гэта крык надзеі Касцёла. Калі зробім іх крык нашым, таксама і наша малітва прасякне аблокі”, - сказаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 кастрычніка 2019, 10:53