Пошук

1570286908454.jpg

Папа да новых кардыналаў: спагада – ключавое слова Евангелля

Спагада – ключавое слова Евангелля, падкрэсліў Францішак падчас Звычайнага публічнага кансісторыя па ўзвядзенні новых кардыналаў. Ён прайшоў 5 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане.

Пантыфік заўважыў, што Евангелле шматразова паказвае спагаду Езуса да людзей, якія пакутавалі. “Чым больш чытаем, чым больш сузіраем, тым больш усведамляем, што спагада Пана – гэта не аказіянальнае, спарадычнае стаўленне, але пастаяннае. Больш за тое – яна здаецца рысай Яго сэрца, у якім уцелавілася Божая міласэрнасць”, - сказаў ён.

Паводле Францішка, Езус “увасабляе жаданне Бога ачысціць чалавека, хворага на праказу граху; Ён – працягнутая рука Бога, якая дакранаецца на нашага хворага цела і здзяйсняе гэту справу, знішчаючы прорву падзелу”.

Папа спаслаўся на евангельскі ўрывак пра цуд памнажэння хлябоў, каб паказаць, што вучні Езуса не заўсёды мелі такое самае стаўленне да людзей. Замест таго, каб накарміць галодных, яны прапаноўвалі Езусу, каб кожны з іх сам паклапаціўся пра сябе.

“Такое стаўленне ўласціва ўсім нам, нават калі мы духоўныя асобы, нават калі звязаны са служэннем Богу. Ролі, якую маем, не дастаткова, каб быць спагадлівымі, як паказваюць паводзіны святара і левіта, якія, бачачы ледзь жывога чалавека на ўскраіне дарогі, прайшлі міма. Пра сябе яны казалі: “Мяне гэта не тычыцца”. Заўсёды ёсць апраўданні; часам яны нават агульнапрынятыя і даюць падставу для ўзнікнення “інстытуцыйных адкідаў”, як у выніку пракажоных, маўляў: “Вядома, што яны павінна знаходзіцца вонкі. Гэта слушна”. З такога, вельмі чалавечага падыходу, узнікаюць таксама неспагадлівыя структуры”, - папярэдзіў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў фундаментальную важнасць ўсведамлення Божай спагады да сябе для кожнага чалавека.

“Калі я не адчуваю сябе аб’ектам Божай спагады – не разумею Яго любові. Гэтага нельга патлумачыць: або адчуваю яе, альбо – не. А калі не адчуваю, як магу перадаваць яе, сведчыць аб ёй, дарыць яе? Больш канкрэтна: ці маю спагаду да таго брата, да таго біскупа, таго святара?... Або заўсёды знішчаю маімі асуджэннямі, маім раўнадушшам?”, - заклікаў да рэфлексіі Пантыфік.

Папа зазначыў, што ад ўсведамлення Божай спагады да сябе залежыць таксама здольнасць быць верным у служэнні. “Таксама гэта тычыцца вас, браты кардыналы. Гатоўнасць пурпурата праліць уласную кроў – пазначаная чырвоным колерам адзення – з’яўляецца моцнай, калі ўкаранёная на гэтым усведамленні атрыманай спагады і здольнасці быць спагадлівымі. У адваротным выпадку немагчыма быць верным. Вялікая колькасць выпадкаў нявернасці людзей Касцёла звязана з недахопам адчування гэтай атрыманай спагады і ад звычкі адварочваць позірк, ад звычкі раўнадушша”, - звярнуў увагу Францішак.

“Папросім сёння, праз заступніцтва апостала Пятра, аб ласцы спагадлівага сэрца, каб быць сведкамі Таго, хто паглядзеў на нас з міласэрнасцю, выбраў нас, пасвяціў нас і паслаў несці ўсім сваё Евангелле збаўлення”, - заклікаў Святы Айцец на заканчэнне гаміліі.

Падчас кансісторыя новымі кардыналамі сталі: старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, арцыбіскуп Мігель Анхель Аюса Гішот; Бібліятэкар і Архівіст Святога Рымскага Касцёла, арцыбіскуп Жазэ Таленціна Мэндонса; арцыбіскуп Джакарты ў Інданэзіі Ігнацыус Сугарыё Гарджоатмоджо; арцыбіскуп кубінскай Гаваны Хуан де-ла-Карыдад Гарсія Радрыгес; арцыбіскуп кангалезскай Кіншасы Фрыдалін Амбонга Бесунгу; арцыбіскуп Люксембурга Жан-Клод Олерыш; біскуп гватэмальскага Уэўэтэнанго Альвара Рамасіні Імэры; арцыбіскуп італьянскай Балонні Матэа Дзупі; арцыбіскуп мараканскага Рабата Крыстабаль Лопэс Рамэра; падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, езуіт, біскуп Майкл Чэрны; былы Апостальскі нунцый у Егіпце, арцыбіскуп Майкл Фіцджэральд; арцыбіскуп-эмерыт літоўскага Каўнаса Сігітас Тамкявічус і іерарх з Анголы, біскуп-эмерыт Бэнгэлы Эўджэніа Даль Корса.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 кастрычніка 2019, 16:21