Пошук

Папа з членамі Ордэна св. Паўла Папа з членамі Ордэна св. Паўла 

Пантыфік: адзіны шлях жыцця – гэта Евангелле Езуса Хрыста

“Зіму” ў Касцёле і кансэкраваным жыцці трэба ўспрымаць не як час бясплённасці і смерці, але як “спрыяльны перыяд, які дазваляе вярнуцца да сутнаснага”, перакананы Францішак.

Пра гэта ён казаў 4 кастрычніка 2019 г. падчас аўдыенцыі ў Ватыкане для кансэкраваных асобаў з Ордэна св. Паўла. Пантыфік сустрэўся ў імі ў апошні дзень XI Генеральнага капітула Ордэна, які трываў на працягу месяца ў італьянскім горадзе Арыча.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Святы Айцец заўважыў, што ў сучасным свеце, калі многія кажуць, нібыта кансэкраванае жыццё перажывае “зіму”, як ніколі патрэбная вера. Пры гэтым ён абнадзеіў прысутных, падкрэсліўшы, што “зіма”, нават у Касцёле і кансэкраваным жыцці, не з’яўляецца часам бясплённасці і смерці, але “спрыяльным перыядам, які дазваляе вярнуцца да сутнаснага”.

Для Ордэна св. Паўла гэта можа быць часам “адкрыцця нанова элементаў паўлінскага прароцтва, апостальскай і місійнай рухомасці, якой не можа не быць ў Дачцэ св. Паўла, каб магчы насяляць перыферыі мыслення і існавання”, сказаў Пантыфік.

“Народжаныя са Слова, каб абвяшчаць усім светлы шлях жыцця, якім ёсць Евангелле Езуса Хрыста, вы несяце ў сваім ДНК місійную адвагу. Няхай гэтая адвага не слабее, ва ўсведамленні, што галоўнай дзеючай асобай місіі з’яўляецца Дух Святы”, - пажадаў Папа.

Ён заахвоціў прысутных “выходзіць на дарогі свету з засяроджаным позіркам, поўным спагады да людзей нашага часу, якія прагнуць Добрай Навіны Евангелля”, аддаваць усе свае сілы справе евангелізацыі, дазваляць, каб рэчаіснасць, у якой жывём, кранала і выклікала заклапочанасць.

Францішак заклікаў “бесперапынна шукаць дарогі блізкасці”, захоўваючы ў сэрцы здольнасць спачуваць людзям у патрэбе, і сведчыць пра жыццё, укаранёнае ў Хрысце, у выпадку Ордэна св. Паўла – асаблівым чынам праз друкаваную, лічбавую і мультымедыйную прадукцыю і праз навучанне крытычнаму стаўленню да карыстання медыйнымі сродкамі.

“Жывіцеся хлебам Божага Слова, ідзіце наперад, сярод святла і ценяў культурнага кантэксту, у якім жывём, застаючыся вернымі вымярэнню, якое вас вылучае, а менавіта, перш за ўсё, не маральным суджэнням, а пошуку магчымасцей для таго, каб сеяць Слова”, - пажадаў Святы Айцец кансэкраваным асобам з Ордэна св. Паўла.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
04 кастрычніка 2019, 12:45