Папа: каб жыць Езусам і Евангеллем трэба “плыць на глыбіню”
Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:
“Св. Імша, якая адбылася сёння раніцай на плошчы св. Пятра, завяршыла Спецыяльную Асамблею Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне. Першае чытанне з Кнігі Сіраха нагадала нам пра адпраўную кропку гэтага падарожжа: крык беднага, які “пераходзіць хмары”, таму што “Бог слухае малітву прыгнечаных” (Сір 35, 21.16). Крык бедных, разам з крыкам зямлі, дайшоў да нас з Амазоніі. Пасля гэтых трох тыдняў мы не можам рабіць выгляд, што не чулі яго. Галасы бедных, разам з многімі іншымі, унутры і па-за Сінадальнай Асамблеяй – пастыраў, моладзі, навукоўцаў, – падштурхоўваюць нас не заставацца абыякавымі. Мы часта чулі фразу “пазней – гэта ўжо занадта позна”: яна не можа застацца лозунгам.
Чым быў Сінод? Гэта быў, як кажа сам тэрмін, сумесны шлях, мы былі суцешаныя мужнасцю і суцяшэннем, што паходзяць ад Пана. Мы крочылі, гледзячы ў вочы адзін аднаму і слухаючы адзін аднаго, з шчырасцю, не хаваючы цяжкасцей, пазнаючы прыгажосць сумеснага шляху наперад, дзеля служэння. Да гэтага нас заахвочвае апостал Павел у сённяшнім другім чытанні: у драматычны момант, ведаючы, што “ўжо праліваецца, як ахвяра, і настаў час яго адыходу” (пар. 2 Цім 4,6), ён піша: “Пан стаў пры мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне і каб пачулі ўсе язычнікі, а я пазбег ільвінай пашчы” (2 Цім 4,17). Вось апошняе жаданне Паўла: не штосьці для сябе ці для кагосьці з сваіх, але для Евангелля, каб было абвешчана ўсім народам. Гэта на першым месцы і важней за ўсё. У кожнага з нас будзе шмат разоў спытана: што добрага можаш зрабіць дзеля свайго жыцця? Сёння спытаем сябе: “Што добрага я магу зрабіць дзеля Евангелля?”
Падчас Сінода мы задаваліся гэтым пытаннем, жадаючы адкрыць новыя шляхі для абвяшчэння Евангелля. Каб жыць Езусам, каб жыць Евангеллем, трэба выйсці за свае межы. Мы адчулі заклік плыць на глыбіню, пакінуць камфортныя ўзбярэжжы нашых бяспечных партоў, плыць на глыбакаводдзе: не ў балоцістыя воды ідэалогій, а ў адкрытае мора, у якім Святы Дух кліча закінуць сеткі.
Дзеля падарожжа, якое надыходзіць, звернемся да Панны Марыі, якую мы шануем і любім як Каралеву Амазоніі. Яна стала такой не дзякуючы сіле, але дзякуючы “інкультурацыі”: са сціплай мацярынскай адвагай яна стала абаронцай сваіх дзяцей, абаронцай прыгнечаных. Ёй, якая клапацілася пра Езуса ў бедным доме ў Назарэце, даручым самых бедных дзяцей і наш супольны дом.
Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў вернікаў, прысутных на плошчы св. Пятра і ўдзяліў усім сваё благаслаўленне.