Пошук

1572517602732.JPG

Святы Айцец сустрэўся з вайсковымі ардынарыямі і капеланамі

На лёс узятых у палон падчас ваенных канфліктаў звярнуў увагу Папа на сустрэчы з святарамі, якія ўдзельнічаюць у міжнародным курсе па міжнародным гуманітарным праве для каталіцкіх ваенных капеланаў.

“Страта асабістай свабоды ў кантэксце ўзброеных канфліктаў – місія вайсковага капелана”, - на такую тэму праходзіць сёлетні форум, арганізаваны ў пяты раз сумесна Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, Кангрэгацыяй евангелізацыі народаў і Кангрэгацыяй па справах біскупаў.

“Часта асобы, затрыманыя ва ўмовах узброеных канфліктаў, становяцца ахвярамі парушэння сваіх асноўных правоў. Гэтыя парушэнні ўключаюць у сябе жорсткае абыходжанне, насілле і розныя формы катавання”, - заўважыў Францішак 31 кастрычніка 2019 г. Ён нагадаў пра мноства выкрадзеных і забітых мірных жыхароў, сярод якіх святары і манахі.

Пантыфік нагадаў пра палажэнні міжнароднага гуманітарнага права, накіраваныя на абарону годнасці затрыманых падчас узброеных канфліктаў. Адмысловае значэнне тут мае іх этычная аснова. “Павага да годнасці і фізічнай недатыкальнасці чалавечай асобы не можа залежаць ад яе дзеянняў, але гэта маральны абавязак, да якога закліканы кожны чалавек і кожны аўтарытэт”, - падкрэсліў Францішак.

“[Паважаныя вайсковыя ардынарыі і капеланы, калі вы выконваеце сваю місію па фарміраванні сумлення членаў узброеных сіл, я заклікаю вас не шкадаваць намаганняў, каб нормы міжнароднага гуманітарнага права былі прыняты ў сэрцы даручаных вашаму душпастырству. Кіруйцеся словамі Евангелля: “Быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне” (Мц 25, 36)]”

, - сказаў Папа.

Францішак звярнуўся да тых капеланаў, якія нясуць служэнне побач з вайскоўцамі ў сітуацыях міжнародных канфліктаў: “Вы пакліканы адкрыць іх сумленне да той усеагульнай любові, якая збліжае аднаго чалавека з іншым, незалежна ад таго, якой будзе раса, нацыянальнасць, культура ці рэлігія”.

Пантыфік заклікаў выхоўваць у жаўнерах каштоўнасці сяброўства, разумення, талерантнасці, дабра і павагі да ўсіх людзей. “Гэта азначае фарміраванне маладых людзей, адчувальных да іншых культур, іх багацця і прыхільнасці да глабальнага грамадзянства, каб спрыяць росту адной вялікай чалавечай сям’і”, - адзначыў ён.

“12 жніўня 1949 г. была падпісана Жэнеўская канвенцыя аб абароне грамадзянскіх асоб падчас вайны. У гэты яе сямідзесяцігадовы юбілей я хачу яшчэ раз пацвердзіць значэнне, якое Святы Пасад надае міжнароднаму гуманітарнаму праву, і выказаць надзею, што яго нормы будуць выконвацца ў любых абставінах”, - сказаў Францішак. Ён лічыць, што заканадаўства павінна быць узмоцнена ў дачыненні да неміжнародных узброеных канфліктаў і асоб, пазбаўленых волі па іх прычыне.

Папа даручыў вайсковых ардынарыяў і капеланаў заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 кастрычніка 2019, 11:44