Святы Айцец: мера веры – служэнне
Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Пантыфіка:
“Евангельскі ўрывак на сённяшні дзень (Лк 17, 5-10) прадстаўляе тэму веры, аб якой просяць вучні: “Дадай нам веры!”(Лк17, 5). Прыгожая малітва якой мы павінны так маліцца падчас кожнага дня: “Пане дай нам веры”. Езус адказвае з дапамогай двух вобразаў: гарчычнага зерня і нікчэмных слугаў. “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: “Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, – і яна б паслухалася вас”(Лк 17, 6). Смакоўніца – гэта вялізарнае дрэва, добра ўкаранёнае ў зямлі і ўстойлівае перад ветрам. Таму Езус хоча даць зразумець, што вера, нават маленькая, як гарчычнае зерне, здольная вырваць з зямлі смакоўніцу. А потым перасадзіць яе ў мора, што яшчэ больш малаверагоднае: але нічога немагчымага для тых, хто мае веру, бо яны спадзяюцца не на ўласныя сілы, а на Бога, Які можа зрабіць усё.
Вера, якая параўноўваецца з гарчычным зернем – гэта вера не высакамерная і саманадзейная, але якая, у сваёй пакоры, адчувае вялікую патрэбу ў Богу, а ў сваёй нязначнасці, з поўным даверам аддаецца Яму. Гэта вера, якая дае нам магчымасць з надзеяй глядзець на зменлівыя жыццёвыя падзеі, якая дапамагае прымаць паразы і пакуты, з усведамленнем, што зло ніколі не мае апошняга слова.
Як можам зразумець, ці сапраўды маем веру, гэта значыць, ці наша вера, хоць і малая, як гарчычнае зерне, але сапраўдная, чыстая? Гэта тлумачыць Езус, паказваючы, чым ёсць мера веры: служэнне. Ён робіць гэта з дапамогай прыпавесці, якая на першы погляд крыху бянтэжыць, бо прадстаўляе постаць гвалтоўнага і раўнадушнага гаспадара. Але менавіта рэалізацыя ўлады паказвае, што з’яўляецца сутнасцю прыпавесці – гэта паслухмянасць слугі. Езус хоча сказаць, што такім з’яўляецца веруючы чалавек у дачыненні да Бога: ён цалкам аддаецца Яго волі, без разліку і прэтэнзій.
Такія адносіны да Бога адлюстроўваецца таксама ў паводзінах унутры супольнасці: яны адлюстроўваюцца ў радасці служэння адно аднаму, знаходзячы ў гэтым сваю ўзнагароду, а не ў прызнанні і выгадзе, да якія могуць прыводзіць. Гэтаму вучыць Езус напрыканцы аповеду: “І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць” (Лк 17, 10).
Нікчэмныя слугі, гэта значыць, якія чакаюць падзякі, без прэтэнзій. “Мы нікчэмныя слугі” – гэта выраз пакоры і адкрытасці, які прыносіць шмат дабра Касцёлу і нагадвае пра слушны падыход да дзейнасці ў ім: пакорнае служэнне, якое Езус даў нам у прыклад, абмываючы ногі вучням (Ян 13, 3-17).
Няхай Панна Марыя, дапаможа нам ісці па гэтым шляху жанчыны веры. Звяртаемся да Яе напярэдадні свята Маці Божай Ружанцовай, у аб’яднанні з вернікамі, якія сабраліся ў Пампеях на традыцыйнай малітве ўпрошвання”.
Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў і заклікаў не забываць маліцца за яго.