Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец змяніў назву Ватыканскага сакрэтнага архіва

Ватыканскі сакрэтны архіў будзе называцца Ватыканскім апостальскім архівам. Распараджэнне Папы змешчана ў Апостальскім лісце “L’esperienza storica”. Ён быў абнародаваны 28 кастрычніка 2019 г.

У дакуменце адзначаецца, што Ватыканскі сакрэтны архіў узнік у рамках бібліятэкі Рымскіх Пантыфікаў з часткі кодэксаў і тэкстаў, якія знаходзіліся ў непасрэднай юрысдыкцыі Папаў. Спачатку ён называўся проста Новым архівам, потым – Апостальскім архівам, а затым – Сакрэтным архівам. Пад гэтай назвай ён упершыню згадваецца каля 1646 г.

Францішак заўважыў, што тэрмін “Secretum”, які стаў часткай назвы ўстановы, быў цалкам апраўданы, бо ўказваў, што Новы архіў, заснаваны Паўлам V каля 1610-1612 гг., быў нічым іншым як прыватным архівам, асобным, зарэзерваваным для Папы. У такім значэнні тэрмін ужываўся таксама для акрэслення архіваў пры дварах манархаў і князёў.

“Пакуль не было згублена ўсведамленне блізкай сувязі паміж лацінскай мовай і мовамі, якія ад яе паходзяць, не было патрэбы тлумачыць ці нават апраўдваць назву Сакрэтнага архіву”. Але “з паступовымі семантычнымі зменамі, які праявіліся ў сучасных мовах і культурах, а таксама ў грамадскай успрымальнасці розных народаў, тэрмін “сакрэтны” у адносінах да Ватыканскага архіву ў большай ці меншай ступені стаў незразумелым, пачаў набываць двухсэнсоўную і нават негатыўную афарбоўку”.

У некаторых сферах і асяроддзях, у тым ліку пэўнага культурнага значэння, гэта назва набыла прадузятае значэнне чагосьці схаванага, закрытага, даступнага толькі для вузкага кола людзей, заўважыў Святы Айцец.

“Ватыканскі сакрэтны архіў, аднак, заўсёды быў і імкнецца быць цалкам адваротным гэтаму, захоўваючы – як казаў мой святы папярэднік Павел VI, – “рэха і сляды” шляху Пана ў гісторыі. Касцёл “не баіцца гісторыі, і нават больш за тое – любіць яе і хацеў бы любіць яшчэ больш і лепш, як яе любіць Бог!”, - напісаў ён.

“Атрымаўшы на працягу апошніх гадоў звароты з боку некаторых паважаных іерархаў, а таксама маіх самых блізкіх супрацоўнікаў, выслухаўшы таксама меркаванне вышэйшых кіраўнікоў Ватыканскага сакрэтнага архіву, гэтым сваім “motu proprio”, я вырашыў, што з гэтага моманту і надалей, Ватыканскі сакрэтны архіў, не змяняючы сваёй тоеснасці, сваёй структуры і сваёй місіі, будзе называцца Ватыканскім апостальскім архівам”, - паведаміў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што новая назва будзе паказваць блізкую сувязь Святога Пасаду з архівам, “неад’емным інструментам пятровага служэння”, а ў той жа час, падкрэсліваць “непасрэдную залежнасць ад Рымскага Пантыфіка”, як адбываецца ў выпадку з назвай Ватыканскай апостальскай бібліятэкі.

Апостальскі ліст “L’esperienza storica” (Гістарычны досвед) у форме “motu proprio” быў падпісаны Францішкам 22 кастрычніка 2019 г. Ён увайшоў у сілу з моманту яго публікацыі на старонках ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano” 28 кастрычніка 2019 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 кастрычніка 2019, 12:10