Пошук

Вокладка кнігі-інтэрв'ю "Без Яго нічога не можам зрабіць" Вокладка кнігі-інтэрв'ю "Без Яго нічога не можам зрабіць" 

“Без Яго нічога не можам зрабіць”: новая кніга-інтэрв’ю з Папам

Выданне пад назвай “Без Яго нічога не можам зрабіць. Размова пра быццё місіянерамі ў сучасным свеце” рыхтуецца да друку Ватыканскім выдавецтвам сумесна з “Edizioni San Paolo”.

4 лістапада 2019 г., напярэдадні афіцыйнага выхаду кнігі-інтэрв’ю італьянскага журналіста Джані Валентэ з папам Францішкам на тэму Надзвычайнага місійнага месяца, якім у Касцёле быў аб’яўлены кастрычнік 2019 г., каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “Fides” апублікавала асобныя яе ўрыўкі.

Абраныя фрагменты акрэсліваюць пазіцыю Святога Айца адносна місійнай прыроды і паклікання Касцёла. Так, Папа сцвярджае, што або Касцёл знаходзіцца ў стане выйсця, абвяшчэння, або ён перастае ім быць. На яго думку, “калі Касцёл не выходзіць насустрач, ён псуецца, скажаецца”, становіцца ўсяго толькі “духоўнай асацыяцыяй, шматнацыянальнай карпарацыяй, якая прапануе ініцыятывы і пасланне этычна-рэлігійнага зместу”.

Пры гэтым Францішак перакананы, што місія – гэта, у першую чаргу, справа Духа Святога. Без Яго місійная дзейнасць ператвараецца ў “заваявальны праект”, “рэлігійны ці, магчыма, ідэалагічны”. Папа падкрэслівае, што сакрамэнту хросту “дастаткова, каб стаць прапаведнікамі Евангелля”.

Акрамя таго, Святы Айцец перакананы, што Касцёл развіваецца дзякуючы сваёй прывабнасці. Евангелізацыя не можа прымаць форму пераконвання, прымушэння ці націску. “Місія – гэта не завадскі праект” і “не арганізаваны спектакль з мэтай уліку колькасці людзей, якія бяруць у ім удзел дзякуючы прапагандзе”, - сцвярджае Папа. Ён дадае, што “вяршыня рэлігійнай свабоды заключаецца ў тым, каб дазволіць Духу Святому весці сябе, адмовіўшыся ад падлікаў і кантролю над усім”.

“Празелітызм заўсёды прымусовы па сваёй прыродзе”, таму што “не выносіць свабоды і бескарыслівасці, з якімі вера, дзякуючы ласцы, можа перадавацца ад чалавека чалавеку”

, - гаворыць Святы Айцец.

Такім чынам, хрысціянін-місіянер – гэта той, хто спрыяе нараджэнню веры, а не той, “хто стварае перашкоды жаданню Езуса ўсіх абняць”, “стоячы на ўваходзе і кантралюючы іншых на наяўнасць неабходных рыс”, - перакананы Святы Айцец.

Францішак заўважае, што сёння ўсё яшчэ існуюць асобныя колы людзей, якія лічаць сябе “асвечанымі” і “дзеляць свет на цывілізаваны і варварскі”, успрымаючы значную частку чалавецтва “другараднай”. Па словах Папы, гэта выявілася, у тым ліку, дзякуючы Сіноду Біскупаў па Амазоніі. У сувязі з гэтым Пантыфік нагадаў, што хрысціянства не валодае адзінай культурнай мадэллю, “але нясе ў сабе аблічча многіх культур і народаў, якімі было прынята і дзе ўкаранілася”. Таму і Добрая Навіна не павінна атаясамлівацца з нейкай адной культурай, а місійная дзейнасць не можа мець на мэце навязванне пэўнай культурнай формы.

Адказваючы на пытанне адносна сувязі паміж місіяй і сацыяльнымі ініцыятывамі, Папа заўважыў, што “Касцёл не з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй – гэта іншае. Касцёл – гэта таксама палявы шпіталь, дзе прымаюць усіх такімі, якія яны ёсць, дзе кожнаму залечваюць раны. І гэта складае частку яго місіі”. Больш за тое, дадаў Францішак, “усё, што ўваходзіць у гарызонт евангельскіх благаслаўленняў і ўчынкаў міласэрнасці, адпавядае місіі”.

Найвышэйшым жа выразам вызнавання Езуса і сведчання пра Яго з’яўляецца мучаніцтва. Усе святыя мучанікі, падкрэсліў Францішак, – “гэта пераможцы, а не ахвяры”.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 лістапада 2019, 13:38