Пошук

1574398177019.JPG

Францішак да біскупаў Азіі: мець адчыненымі дзверы для святароў

“Мы былі абраныя слугамі, а не начальнікамі і гаспадарамі”, - нагадаў Папа 22 лістапада 2019 г. падчас сустрэчы з біскупамі Тайланда і Федэрацыі Біскупскіх Канферэнцый Азіі (FABC).

Францішак заўважыў, што Азія – гэта мультыкультурны і мультырэлігійны кантынент, які мае шмат праблем, такіх як беднасць і эксплуатацыя. Ён адзначыў, што хуткі тэхналагічны прагрэс можа адкрыць велізарныя магчымасці, якія палягчаюць жыццё, але таксама можа прывесці да росту спажывальніцтва і матэрыялізму, асабліва сярод моладзі. Далей ён указаў на чуму наркаманіі і гандлю людзьмі, праблему мігрантаў і бежанцаў, дрэнныя ўмовы працы, эксплуатацыю на працы, а таксама эканамічную і сацыяльную няроўнасць.

Адказваючы на гэтыя выклікі, Пантыфік заклікаў біскупаў Азіі па прыкладзе першых місіянераў вымяраць і ацэньваць сучаснасць і місію з значна больш шырокага і наватарскага пункту гледжання, не зацыклівацца на “стэрыльных” думках і дыскусіях, якія вядуць да канцэнтрацыі на сабе і паралізуюць ініцыятывы.

“[Давайце вучыцца ў святых, якія папярэднічалі нам і сутыкаліся з цяжкасцямі свайго часу]”

, - заклікаў Папа. Ён перасцярог ад стварэння такіх касцёльных структур і мыслення, якія могуць абмяжоўваць “евангельскі дынамізм”.

Святы Айцец звярнуў увагу, што адзін з найпрыгажэйшых аспектаў евангелізацыі – гэта ўсведамленне таго, што місія, ускладзеная на Касцёл, заключаецца не толькі ў абвяшчэнні Евангелля, але і ў тым, каб вучыцца верыць у Евангелле і даваць яму магчымасць перамяняць нас.

Папа заклікаў азіяцкіх біскупаў заўсёды трымаць адчыненымі дзверы для сваіх святароў, быць побач з імі, слухаць іх, спрабаваць суправаджаць іх ва ўсіх сітуацыях, асабліва, калі яны паддаюцца апатыі і абыякавасці. “І рабіце гэта не як суддзі, а як бацькі, не як менеджэры, якія імі карыстаюцца, а як сапраўдныя старэйшыя браты”, - адзначыў Францішак.

На заканчэнне ён папрасіў іерархаў перадаць папскія “благаслаўленне і любоў” сваім супольнасцям, асабліва хворым і ўсім, хто перажывае складаныя моманты.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 лістапада 2019, 10:43