Пошук

1574670556033.jpg

Францішак да моладзі Японіі: не заглушайце свае мары

“Будзьце сведкамі таго, што грамадскае сяброўства магчыма!”, - звярнуўся Папа 25 лістапада 2019 г. да японскай моладзі у архікатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Токіо.

“Надзея на будучыню грунтуецца на культуры сустрэчы, прыняцця, братэрства і павагі да годнасці кожнага чалавека, асабліва ў адносінах да тых, хто найбольш мае патрэбу ў любові і разуменні”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак спаслаўся на сведчанні японскага католіка Мікі Кабаяшы, будыста Масака Кудо і каталіцкага эмігранта з Філіпін Леанарда Качуэлы, якія пачуў падчас сустрэчы. Ён падкрэсліў, што сучасная Японія вельмі патрабуе развіцця ў братэрстве, адчувальнасці да іншых і павазе да розных пунктаў гледжання.

Гаворачы пра насілле і мобінг у школе, Францішак адзначыў, што страх заўсёды з’яўляецца ворагам дабра, любові і міру. Ён заклікаў моладзь “прысвячаць час іншым, слухаць, дзяліцца, разумець”.

“[Знайдзіце час для сваёй сям’і і сяброў, але і для Бога, маліцеся і разважайце]”

, - папрасіў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што для спынення вар’яцкай пагоні за канкурэнтаздольнасцю і прадуктыўнасцю, змагання з адзінотай, што характэрна сучаснай Японіі, патрэбна “прызнанне факту, што самае галоўнае – не тое, што я маю або магу купіць, але тое, з кім магу гэтым падзяліцца”, засяроджанне на пытанні “для чаго і для каго я жыву”. І дадаў, што чалавек жыве для Бога, Які хоча, каб мы таксама жылі для іншых.

“Не затушовайце і не заглушайце свае мары, дайце ім прастору і набярыцеся смеласці паглядзець на вялікія перспектывы, паглядзець, што вас чакае, калі адважыцеся будаваць іх разам. Японія і свет маюць патрэбу ў вас, жывых і шчодрых, радасных і захопленых, здольных пабудаваць дом для ўсіх. Я малюся, каб вы выраслі ў духоўнай мудрасці і адкрылі шлях да сапраўднага шчасця ў гэтым жыцці”, звярнуўся Святы Айцец для японскай моладзі.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 лістапада 2019, 12:25