Пошук

1574229264619.JPG

Францішак распачаў пілігрымку ў Тайланд

Папа прыляцеў у Тайланд. Апоўдні Airbus 330 авіякампаніі Alitalia з Францішкам на борце прызямліўся ў аэрапорце Бангкока. Гэта яго 32-ая замежная паездка, падчас якой ён наведае яшчэ і Японію.

Дэвіз візіту ў Тайланд, які будзе доўжыцца да 23 лістапада 2019 г., звязаны з 350-годдзем стварэння ў гэтай краіне першага Апостальскага вікарыята: “Вучні Хрыста – місійныя вучні”.

Ля трапа самалёта Пантыфіка сустрэў член Кароннай рады, які ўручыў яму вянок з кветак. Францішак прывітаў прадстаўнікоў тайландскіх улад, а таксама арцыбіскупа Бангкока, кардынала Фрэнсіса Ксаверыя Крыенгсака Кавітваніта з епіскапатам. Яго сустрэла група дзяцей у традыцыйных строях. Святому Айцу былі аддадзены ваенныя ўшанаванні. На лётным полі знаходзілася група вернікаў са сцягамі Ватыкана і Тайланда.

Падчас цырымоніі прывітання Папу ў якасці перакладчыка суправаджала яго 77-гадовая стрыечная сястра Ана Роза Сіворы. Аргентынская салезіянка жыве і працуе ў Тайландзе больш за 50 гадоў.

З аэрапорта Францішак накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў цэнтры Бангкока, якая стане яго рэзідэнцыяй падчас знаходжання ў паўднёваазіяцкай краіне.

У першы дзень візіту не запланавана мерапрыемстваў з удзелам Папы. Афіцыйная праграма пілігрымкі пачнецца 21 лістапада. У Бангкоку Францішак сустрэнецца з Вярхоўным патрыярхам тайландскай будыйскай сангхі Самдэтам Пхра Маха Мунівонгам і каралём Маха Ватчыралонгконам (Рамай Дзясятым).

Акрамя таго, у сталіцы Папу чакаюць сустрэчы з каталіцкімі біскупамі, святарамі і кансэкраванымі асобамі, прадстаўнікамі іншых Цэркваў і рэлігій, а таксама хворымі. На Нацыянальным стадыёне ён будзе цэлебраваць св. Імшу. Напрыканцы візіту, у пятніцу вечарам па мясцовым часе, у бангкокскай катэдры запланавана Эўхарыстыя з удзелам маладых католікаў. У суботу раніцай Францішак вылеціць у Японію.

Нагодай для папскага візіту ў Тайланд з’яўляецца 350-годдзе існавання Каталіцкага Касцёла ў каралеўстве. З 69 мільёнаў жыхароў Тайланда толькі 400 тыс. – католікі. У Бангкок на сустрэчу з Пантыфікам прыехалі таксама вернікі з суседніх краін Лаоса і Камбоджы.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лістапада 2019, 10:48